Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Леанід Злотнікаў: Праблемы з ВУП адаб`юцца на прыбытках насельніцтва 15:25, 03/09/2007
Міжнародны валютны фонд ацэньвае запаволенне эканамічнага росту Беларусі, абумоўленае падвышэннем цэнаў на расейскія энерганосьбіты, у агульнай складанасці на 10–15% ВУП за перыяд да 2012 года. Эканаміст Леанід Злотнікаў пракаментаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 інфармацыю, прадстаўленую ў аглядзе беларускай эканомікі, падрыхтаваным МВФ.
«Валавы унутраны прадукт можна разглядаць як сукупнасць прыбыткаў насельніцтва і ўрада, прыбыткі прадпрыемстваў. МВФ разглядае ўплыў аднаго фактару (падвышэнне цэнаў на энерганосьбіты) на стан ВУП, які можа гіпатэтычна панізіцца з прычыны гэтага на 5 мільярдаў даляраў», – тлумачыць Леанід Злотнікаў.
У рэчаіснасці ж, на думку эканаміста, недаатрыманне гэтых мільярдаў можа часткова кампенсавацца павелічэннем знешніх пазык і інвестыцый. «Праблемы з ростам ВУП могуць цалкам рэальна адбіцца на тэмпах росту прыбыткаў насельніцтва і ўжо цяпер адлюстроўваюцца. МВФ у сваіх рэкамендацыях таксама адзначыў неабходнасць знізіць тэмпы росту зарплат і прывесці іх у адпаведнасць з тэмпамі росту ВУП», – мяркуе эксперт.
Вядома, што апошнія гады тэмпы росту прыбыткаў насельніцтва перавышалі тэмпы росту прадукцыйнасці працы, што спрыяла разаграванню эканомікі, але прыводзіла да таго, што эканамічныя праблемы працягвалі назапашвацца. Асабліва навочна яны бачныя на прыкладзе нашага знешнегандлёвага балансу.
«Што тычыцца завышанага на 10% курсу рубля, у Нацбанку ёсць свая рацыя ў тым, каб з дапамогай такога курсу стрымліваць інфляцыйныя працэсы, хоць гэта і стварае праблемы для экспарту. Калі дзяржава працягне курс на прыцягненне маштабных крэдытаў і продаж флагманаў беларускай эканомікі, то ўтрымаць такі завышаны курс будзе па сілах. Ці мае намер дзяржава ісці на маштабную прыватызацыю, сказаць складана», – лічыць Леанід Злотнікаў.