Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія ўлады – за стварэнне «магутнай» Вялікай Еўропы 09:35, 04/09/2007
"Беларусь – за аб`яднанне намаганняў еўрапейскіх дзяржаў у стварэнні магутнай і канкурэнтаздольнай Вялікай Еўропы з удзелам самых блізкіх нееўрапейскіх партнёраў", – заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі, выступаючы 3 верасня ў Брусэлі на міжнароднай канферэнцыі "Працаваць разам – умацоўваць еўрапейскую палітыку добрасуседства".
"Мы ўсе, як суседзі па нашым агульным еўрапейскім доме, маем агульную мэту і агульную зацікаўленасць: умацаванне бяспекі, стабільнасці, росквіт Еўропы, – сказаў намеснік міністра. – Толькі супрацоўнічаючы, мы здолеем стаць мацнейшымі, больш эфектыўнымі, канкурэнтаздольнымі і, у канчатковым выніку, дасягнуць галоўнага – годна супрацьстаяць складаным сучасным выклікам".
В.Варанецкі падкрэсліў, што Беларусь "уносіць і гатовая падвышаць сваё ўкладанне ў дыверсіфікаванне і забеспячэнне стабільнасці паставак энергарэсурсаў". "Еўропе неабходна знайсці ўзаемапрымальную форму і формулу аб`яднання інтарэсаў пастаўшчыкоў, транзіцёраў і спажыўцоў энергарэсурсаў і на гэтай аснове стварыць устойлівую сістэму забеспячэння энергетычных запатрабаванняў усяго кантынента", – адзначыў беларускі дыпламат. Пры гэтым ён падкрэсліў: з`яўляючыся адной з ключавых транзітных краін, Беларусь прапаноўвае рэалізацыю сур`ёзных сумесных еўрапейскіх праектаў па гарантаванні бяспекі транзіту.
В.Варанецкі таксама заявіў, што Беларусь гатовая да супрацоўніцтва з ЕЗ па пытаннях энергетыкі, транспарту, транзіту, сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяродка, навуковых даследаванняў. "Нам варта пераходзіць з Еўразвязам ад простага гандлю да больш прасунутых формаў эканамічнага ўзаемадзеяння, – сказаў намеснік міністра. – Мы запрашаем еўрапейскіх інвестараў у стратэгічныя сферы нашай эканомікі: энергетыку, машынабудаванне, хімічную і нафтаперапрацоўчую прамысловасць".
Па словах В.Варанецкага, сумесна з ЕЗ Беларусь магла б больш эфектыўна процідзейнічаць арганізаванай злачыннасці і тэрарызму, яна гатовая развіваць ваенна-палітычнае супрацоўніцтва з Еўразвязам.
Пры гэтым дыпламат падкрэсліў, што "садзейнічаць усім гэтым мэтам, кансалідацыі і ўмацаванню Вялікай Еўропы" не могуць тарыфныя, візавыя і іншыя абмежаванні. "Мы – за адмену штучных тарыфных абмежаванняў, за спрашчэнне візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўразвязам", – заявіў намеснік міністра.