Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расейскія СМІ вельмі негатыўна ўспрынялі вестку пра тое, што намеснік міністра замежных спраў Беларусі ўзяў удзел у міжнароднай канферэнцыі «Працаваць разам – умацоўваць еўрапейскую палітыку добрасуседства» ў Брусэлі.
Так расейская «Независимая газета» сёння піша, што «Менск спрабуе наладзіць стасункі з Еўропай. Апошнім часам ён выдае сябе за ахвяру энергетычнага дыктату Масквы. Еўрапейская камісія шукае спосабы абмежаваць доступ расейскім кампаніям на свой энергетычны рынак. Для еўрапейцаў пагрозы гэтага роду з боку Расеі ўяўныя, патэнцыйныя. Расейскія кампаніі дэ-факта паводзяць сябе па сваіх абавязальніцтвах адказна. Іх цяжка абвінаваціць у безгрунтоўнасці, якая нясе рызыкі для еўрапейскага спажыўца. І вось тут на падмогу Еўракамісіі едзе намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі. Як жывы прыклад ахвяры расейскага падступства Менск пачынае сябе прадаваць Еўропе ў надзеі на змякчэнне санкцый. Факт выдачы візы вышэйшаму службоўцу МЗС Беларусі – сведчанне зрухаў у гэтым пытанні».
На думку выдання, «паводзіны Беларусі па дачыненні да Расеі выглядаюць капрызным і няўдзячным. Расея ў 2007 годзе падае Беларусі фактычную субсідыю «па нафце і газу» на 5,8 млрд. дал. І за гэтыя грошы хтосьці можа быць намі незадаволены? Больш за тое, атрымоўваючы ў папярэднія гады сыравіну па яшчэ больш льготных цэнах, Менск не зрабіў радыкальных крокаў у інтарэсах рэальнай інтэграцыі з Расеяй, катэгарычна адмовіўся ўводзіць адзіную валюту. Іншымі словамі, за расейскія грошы Лукашэнка ўмацоўвае свой рэжым у рамках уласнага ўяўлення аб нацыянальных інтарэсах».
«Неабходна пакласці канец заганнай практыцы палітычнага цэнаўтварэння на энерганосьбіты, – працягвае «Независимая газета». – Яно не празрыстае і не служыць інтарэсам Расеі. Трэба забараніць дзяржаўным манаполіям прадаваць сваю прадукцыю за мяжу не па рынкавых цэнах. Мы не можам дазволіць сабе губляць бюджэтныя прыбыткі ў выніку такога прыніжэння цэнаў. Неабходна ўжо ў гэтую восеньскую сесію прыняць закон, па якім экспарт сыравіны і тавараў кампаніямі з дзяржаўным удзелам стане здзяйсняцца толькі па сусветных цэнах. Рашэнне аб субсідыях павінна прымацца Дзяржаўнай Думай у рамках разгляду пытанняў аказання дапамогі замежным дзяржавам. У гэтым выпадку можна будзе пэўна агаворваць умовы падавання дапамогі. Хочаце атрымаць 5,8 млрд. дал. для таго, каб субсідаваць выдаткі сваіх жыхароў, – дазвольце рабіць тое і тое».
І потым у канцы:
«Дыктат? Так. А хто ў свеце каму дасць мільярды даляраў проста так? Без пераследу нацыянальных стратэгічных інтарэсаў? Абмежаванне суверэнітэту? Безумоўна. Толькі пра які суверэнітэт можа ісці гаворка, калі 5,8 млрд. даляраў скідкі роўныя 41% дзяржбюджэту Беларусі? Гэты механізм адначасова будзе важнай прыладай рэальнай інтэграцыі. Праз некалькі гадоў Менск прывядзе сваю стратэгію да агульнага назоўніка з расейскай. Альбо не прывядзе. Але тады гэта ўжо будзе іншая гісторыя Беларусі».