Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Суд над «шпіёнамі» пройдзе ціха? 11:03, 04/09/2007
Сёння ваенная калегія Вярхоўнага суду Беларусі пачне разгляд справы так званых польскіх шпіёнаў. «Перад судом стануць чацвёра асоб, кожнаму з якіх прад`яўленае абвінавачванне ў збіранні і перадачы замежнай дзяржаве звестак на заданне замежнай выведкі», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Вярхоўнага суду. Пры гэтым «у інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў разгляд справы будзе праходзіць у закрытым судовым паседжанні». Чацвярым беларускім афіцэрам пагражае пазбаўленне свабоды на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.
Пра раскрыццё польскай «шпіёнскай сеткі» прадстаўнікі беларускага КДБ распавялі ў сярэдзіне ліпеня па дзяржаўным тэлебачанні. Яны паведамілі, што чацвёра беларускіх і адзін расейскі афіцэр збіралі для польскай выведкі інфармацыю пра сістэму СПА расейска-беларускай саюзнай дзяржавы і былі затрыманыя з палічным на пачатку года. Афіцэр ВПС і войскаў СПА Уладзімір Рускін, які ўзначальваў шпіёнскую сетку, быў нібыта завербаваны польскімі спецслужбамі пры спробе правезці праз мяжу алкаголь у аб`ёмах, што перавышалі дазволеную норму. У тэлесюжэце было сказанае, што сакрэтная інфармацыя была скапіяваная на флэшку, якую меркавалася схаваць у патайнік, што быў у аўтамабільным вогнетушыцелі.
На наступны дзень пасля выхаду сюжэту Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніцтва КДБ, адправіўшы ў адстаўку кіраўніка спецслужбы Сцяпана Сухарэнку. Прадстаўляючы супрацоўнікам КДБ новага шэфа Юрыя Жадобіна, прэзідэнт назваў справу польскіх шпіёнаў «светлым пробліскам» у працы спецслужбы, адзначыўшы, што раскрыццё шпіёнскай сеткі «гаворыць пра тое, што ў серадзе аператыўнага складу Камітэта дзяржбяспекі ёсць надзейныя, прыстойныя, сумленныя людзі».
«Шпіёнская справа была апублікаваная, калі над былым кіраўніцтвам КДБ згусцелі хмары. Яна павінна была прадэманстраваць моц спецслужбы», – зазначыў «Времени новостей» лідэр беларускай Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Незалежны палітолаг Аляксандр Класкоўскі ў гутарцы з «ВН» сказаў, што скандальная справа «працягваецца ў некаторым родзе па інерцыі. Сёння Менск не зацікаўлены ў тым, каб ускладняць стасункі з Захадам і з Расеяй, таму наўрад ці ён будзе імкнуцца надаць шпіёнскаму скандалу дадатковы рэзананс».