|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Праціўнікі кантрактаў дайшлі да Вярхоўнага Суду 12:26, 05/09/2007 Нагадаем, што Цэнтрвыбаркам адмовіўся зарэгістраваць ініцыятыўную групу і законапраекты «Аб занясенні змен у Працоўны кодэкс РБ» і «Аб ратыфікацыі Канвенцыі МАП № 158 аб спыненні працоўных стасункаў з ініцыятывы працадаўцы». Падставай для адмовы стала заключэнне Міністэрства юстыцыі, якое лічыць, што прапанаваныя змены супярэчаць Канстытуцыі. Аргументацыя Мінюста звялася да таго, што, паводле Асноўнага закона, дэкрэты і ўказы прэзідэнта маюць прыярытэт над законамі, а дэкрэт прэзідэнта № 29 дазваляе наймальнікам без абмежаванняў выкарыстоўваць кантрактную форму наймання, піша газета “Салідарнасць”. У суд з`явіўся 51 з 295 удзельнікаў сходу ініцыятыўнай групы. Сярод іх – працаўнікі МАЗа, МТЗ, завода «Цветотрон», выкладчыкі ВНУ, супрацоўнікі Акадэміі навук, прадпрымальнікі, пенсіянеры, студэнты з розных рэгіёнаў Беларусі – Полацка, Гародні, Жлобіна, Барысава… Большасць з іх — сябры Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). На судовым паседжанні таксама прысутнічалі прадстаўнікі менскага офіса АБСЕ. Інтарэсы адказчыка прадстаўляла загадчыца арганізацыйна-прававым аддзелам ЦВК Надзея Кісялёва. – Мы выявілі заканадаўчую ініцыятыву, але нам адмовілі ў рэгістрацыі, спаслаўшыся на тэхнічныя недапрацоўкі, у той час як дзяржаўныя інстытуты павінны дапамагаць грамадзянам у такіх сітуацыях, – выказаў на судзе сваю пазіцыю старшыня ініцыятыўнай групы, лідэр Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч. — Калі пачуць голас працоўнай краіны, то зразумела, што Дэкрэт № 29 з`яўляецца кабальным для працаўнікоў, лекараў… Нас жа пачуць не захацелі, хоць зразумела, што пытанне аб кантрактах наспела. І калі органы ўлады не даюць нам сёння «зялёнае святло», то наступным разам народ можа і не папрасіць іх пра гэта. – Я шакаваная, – адзначае адна з прадстаўніц істца, пенсіянерка з Гародні. – Я чарговым разам убачыла сцяну паміж народам і ЦВК, які займаўся толькі пошукам падстаў для адмовы. На думку ж намесніцы старшыні ініцыятыўнай групы Алены Яськовай, права на заканадаўчую ініцыятыву замацаванае ў арт.99 Канстытуцыі РБ. – Беларусь – адзіная краіна на тэрыторыі СНД і большасці краін Еўропы, дзе існуе кантрактная сістэма наймання, якая ў сваю чаргу супярэчыць гарантыям Канстытуцыі РБ і Працоўнага кодэкса Беларусі, – адзначае яна. – Заключэнне ж Мінюста абсалютна няслушнае і супярэчыць Асноўнаму закону. Свой адказ на пытанне, чаму ЦВК не зарэгістраваў ініцыятыўную групу, дала Галіна Лісіцына, якая ўзначальвала групу па Магілёўскай вобласці: – Мяне не здзіўляе, чаму ЦВК знайшоў падставу для адмовы. Вы толькі ўявіце, колькі гэтая ініцыятыўная група змагла б сабраць подпісаў супраць кантрактаў? У аўторак суд знаёміўся з дакументамі і довадамі бакоў, а таксама заслухоўваў сведак.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|