|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Аляксандр Мілінкевіч заклікае падтрымаць еўрапейскі выбар для Беларусі 13:16, 05/09/2007
Грамадзяне Беларусі! 14 кастрычніка галоўным праспектам сталіцы пройдзе Еўрапейскі Марш. Гэта будзе Марш дзеля будучай свабоднай і еўрапейскай Беларусі. Гэта будзе пачатак нашага шляху ў свабодную і аб`яднаную Еўропу. Звяртаюся да ўсіх: прыйдзіце на праспект і прадэманструйце сваю волю да Свабоды, свой свабодны еўрапейскі выбар. Прашу жыхароў гарадоў і вёсак ахвяраваць гэты дзень Беларусі — вашай краіне, якую вы так любіце. Прыедзьце на Пакроў у сталіцу. Адчуйма разам дух і моц Свабоды. Дзяўчаты і хлопцы! На цябе, наша моладзь, надзея! Слухайце сваё сумленне, рабіце дабро і нічога не бойцеся. Маніфестацыі — самы эфектыўны спосаб барацьбы за свабоду. Седзячы ў хаце — нічога не даб’емся. Трэба выходзіць! Столькі, колькі спатрэбіцца, каб вызваліць саміх сябе і наш народ. Няма іншай рады. Свабоды трэба дамагчыся, яе трэба заслужыць. Так рабілі іншыя народы Еўропы. Сябры Беларусі з розных краінаў Еўропы прыедуць 14 кастрычніка ў Мінск, будуць разам з намі. Звяртаюся да палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыў, да кожнага: няхай побач са сцягамі Еўрасаюзу ў гэты дзень лунаюць нашы светлыя нацыянальныя сцягі, няхай на дэманстрацыі гучыць нацыянальная мова. Няхай на плакатах і лозунгах будуць адлюстраваныя нашы думкі. Няхай наша рашучасць і дух свабоды стануцца нашай самай магутнай зброяй! Звяртаюся да тых, хто падтрымлівае цяперашні палітычны і эканамічны курс: прыйдзіце на галоўны праспект. Мы адна нацыя. У нас роўныя правы і супольная будучыня. Мы — еўрапейцы! Мы — гаспадары дзяржавы, мы — крыніца ўлады. Не будзе багатай і шчаслівай тая краіна, дзе грамадзянаў трымаюць за рабсілу. Падтрымайце еўрапейскі выбар для Беларусі! Кожны год увесну грамадзяне выходзяць на вуліцу ў Дзень Волі 25 Сакавіка. Няхай ад гэтага году Пакроў, 14 кастрычніка, стане Днём еўрапейскага выбару беларусаў. Ад свабоды выйграюць усе. Нават тыя, хто цяпер яе баіцца. Вяртанне ў свабодную і заможную Еўропу — гарантыя захавання нашай незалежнасці і культуры, развіцця эканомікі, росту дабрабыта. Будзем разам 14 кастрычніка! Разам – да еўрапейскай будучыні Беларусі, будучыні нашых дзяцей і ўнукаў. Аляксандр Мілінкевіч
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|