|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Студэнты плацяць за аднапакаёўку 360 долараў 10:57, 05/09/2007 Маладыя людзі аб’ядноўваюцца ў групы па 4-5 чалавек, каб зняць жыллё. Акрамя трохпакаёвай кватэры ім нічога не свеціць (пра аднапакаёвую гаворкі быць не можа: ніхто не згаджаецца), але трэба яшчэ пастарацца і патраціць не адзін дзень, каб угаварыць гаспадара даверыць сваю маёмасць. Як паведамляе “Еўрарадыё”, агенты па маёмасці сцвярджаюць, што зняць аднапакаёвую кватэру ў разгары лета можна было за 180-200 долараў плюс кварплата. Зараз у непрэстыжным раёне адшукаць жыллё танней, чым за 250 умоўных адзінак, проста немагчыма. І хутчэй за ўсё гэта будзе звычайная кватэра ў “хрушчоўцы”, без рамонту, са старым санвузлом і савецкай мэбляй. Агент Андрэй з агенцтва “Часіна пік” кажа, што гаспадары жылля не губляюцца і падымаюць цэны да 500 долараў. І ў той жа час студэнты шукаюць жыллё ў два разы танней. «На танныя кватэры студэнтаў браць не хочуць: яны не заўсёды могуць зарэкамендаваць сябе добра. Яны засяляюцца па некалькі чалавек, не заўсёды там жывуць і аплочваюць. Спачатку дамаўляюцца, што там будуць жыць тры чалавекі. Потым аднаму інтэрнат, другі перасяляецца да родных. І пачынаюцца праблемы з аплатай. Кватэра нагадвае прахадную хату, і людзі хутка мяняюцца». Нягледзячы на тое, што попыт на жыллё зараз вялікі і ёсць шанец зарабіць нядрэнныя грошы, саміх прапаноў няшмат: мала хто давярае свае плошчы студэнтам, арэндадаўцы лічаць за лепшае пачакаць да кастрычніка і здаць кватэру маладой сям’і. Як правіла, кватэры здаюць адны і тыя ж людзі, таму адзін раз звязаўшыся са студэнтамі, мала хто зноў рызыкуе. На аднапакаёвую кватэру 3-4 студэнты разлічваць не могуць, а вось адшукаць трохпакаёвую яшчэ магчыма. Так, Святлана, маці студэнта першакурсніка БНТУ, распавяла Еўрарадыё, што днямі зняла пакой для сына ў трохпакаёвай кватэры за 112 долараў, але з кварплатай яна пацягне ўсе 140 долараў. Хлопец паступіў на платнае аддзяленне, і яго вучоба абыйдзецца бацькам за год у 1300 умоўных адзінак, а жыццё ў сталіцы – у 1400. «Гэта вельмі дорага, а што рабіць? Інтэрнат нам не далі. Сказалі, што на першым курсе яго дакладна не дадуць, другі – пад пытаннем, магчыма, толькі на трэцім. Падзецца няма куды – будзем плаціць». Яшчэ тры таварышы сына жывуць разам з хлопцам - ім таксама не хапіла інтэрнату. Нават калі студэнт паступіў на бюджэтнае навучанне, але ён вымушаны арандаваць жыллё, атрымліваецца, што ён плаціць грошы, якіх хопіць на платнае навучанне і яшчэ застанецца. Сітуацыю, дзе 4 хлопцы здымаюць трохпакаёвую кватэру за 450 долараў, агент Алена з “Юрвеста” называе шчаслівай: гаспадара трэба апрацоўваць не адзін дзень, перш чым ён згодзіцца ўзяць на кватэру трох-чатырох студэнтаў. «Я ўжо спасылаюся на тэлебачанне, дзе таксама гаварылі, што студэнтам адмаўляюць. У аднапакаёвыя іх, як правіла, не бяруць». Еўрарадыё стаў вядомы і такі выпадак, калі сталічная пенсіянерка здала сваю аднапакаёвую кватэру чатыром студэнткам за 360 долараў і пры гэтым усе засталіся задаволенымі. Гэта і зразумела: бабуля штомесячна атрымлівае дзве дадатковыя пенсіі, а дзяўчаты знайшлі дах над галавой. Студэнты самі разумеюць, што цэлай кампаніяй засяліцца амаль немагчыма, таму цікавяцца пакоямі. Амаль у кожным універсітэце ёсць спіс пакояў, якія могуць арандаваць студэнты. Па словах старшыні прафкаму студэнтаў БДПУ імя Танка Вадзіма Грачова, у гэтым годзе за кошт універсітэта было пададзена некалькі аб’яў у газеты аб пошуку пакояў для студэнтаў. Такім чынам, база налічвала каля 100 вакантных месцаў. Сёння ва універсітэце засталіся толькі некалькі чалавек, якія працягваюць шукаць кватэру. Тыя, хто лічыць, што ў кастрычніку цэны знізяцца, – памыляюцца. У розных агенцтвах пацвердзілі: у святле апошніх падзей (узраслі цэны на хлеб, малако, гарэлку, а таксама павялічыўся кошт праезду ў грамадскім транспарце) цэны на арэнду жылля да Новага года застануцца на такім жа ўзроўні, а пасля ізноў папаўзуць уверх.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|