Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Улады заклапаціліся арыентацыяй студэнтаў 14:02, 05/09/2007
Беларуская вышэйшая школа павінна быць больш арыентаванай на рэальны сектар эканомікі, лічыць намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Аляксандр Касінец. Пра гэта ён заявіў 4 верасня на паседжанні прэзідыума Савета міністраў, паведамляе прэс-служба ўрада.
Цяпер, паводле дадзеных віцэ-прэм`ера, толькі ад 7 да 20% выкладчыкаў найбуйнейшых беларускіх ВНУ калі-небудзь працавалі ў рэальным сектары эканомікі, астатнія вывучалі свой прадмет толькі ў тэорыі. "Таму мы ставім задачу, каб кіраўнікі ВНУ прайшлі спецыялізацыю, падвышэнне кваліфікацыі, вышлі ў рэальны сектар эканомікі і паглядзелі, што там робіцца", – сказаў віцэ-прэм`ер.
Паводле яго слоў, пэўную прафесійную арыентацыю павінны атрымліваць і студэнты. Для гэтага, заявіў Касінец, неабходна, каб за гады вучобы яны мелі магчымасць некалькі раз прайсці практыку па будучай спецыяльнасці. Акрамя таго, тэмы дыпломных прац варта выбіраць такім чынам, каб у будучыні праведзеныя для яе напісання выпускніком даследавання можна было ўжыць на практыцы. Неабходна падвышаць таксама якасць завочнага навучання.
А.Касінец лічыць, што ў будучыні акцэнт у падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй неабходна рабіць на самастойную працу студэнтаў. "Сёння 90% ведаў перадае прафесарска-выкладчыцкі склад, і толькі 10% студэнты здабываюць самі. А трэба наадварот, каб 75% ведаў студэнты здабывалі самі, а 25% даваў выкладчык", – растлумачыў ён.
Віцэ-прэм`ер падкрэсліў, што сістэма адукацыі Беларусі павінна развівацца па інавацыйным шляху. "Фактычна, неабходная нацыянальная праграма інавацыйнай адукацыі, дзе былі б закладзеныя ўсе аспекты, звязаныя з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы, інфраструктуры, кіраваннем сістэмай кантролю якасці ведаў, – сказаў А.Касінец. – Мы сёння павінны бачыць не дыплом, а дыпламаванага спецыяліста".