Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ута Цапф: «Апроч дэкларацый патрэбныя пэўныя крокі» 15:20, 05/09/2007
Прапановы намесніка міністра замежных спраў Беларусі Валерыя Варанецкага наконт супрацоўніцтва з Еўразвязам у розных сферах пракаментавала «Нямецкай хвалі» Ута Цапф, кіраўніца парламенцкай групы Бундэстага па сувязях з Беларуссю.
– Мне не вядома, якія пэўныя крокі беларускі бок распачаў для таго, каб лібералізаваць візавы рэжым для грамадзян Еўразвяза. Тое, што агучыў на канферэнцыі намеснік кіраўніка беларускага МЗС, безумоўна, адпавядае жаданню беларусаў. Я за тое, каб знізіць кошт віз для пэўных груп беларускіх грамадзян – напрыклад, дзяцей і моладзі ва ўзросце да 25 гадоў, асабліва студэнтаў, творчай інтэлігенцыі, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. Прапанова спрашчэння візавага рэжыму для іх ужо была вынесеная на разгляд Бундэстага. Гэтую ініцыятыву падтрымліваюць прадстаўнікі большасці парламенцкіх фракцый. Канчатковае рашэнне мы прымем на восеньскай сесіі. Усе мы зацікаўленыя ў тым, каб насельніцтва Беларусі ведала, што такое Еўропа, як выглядае дэмакратыя на практыцы.
– Наколькі рэальнае ў самай блізкай будучыні вяртанне Беларусі ў сістэму прэферэнцый у гандлі з краінамі ЕЗ?
– Прадстаўнік беларускага МЗС забыў сказаць, што гандлёвыя прэферэнцыі былі скасаваныя таму, што Беларусь не выканала патрабаванні МАП па паляпшэнні ўмоў працы незалежных прафсаюзаў. Гэтыя патрабаванні былі вядомыя ўжо даўно. Часу для іх выканання ў беларускага кіраўніцтва было больш чым дастаткова. Як толькі дадзеныя рамачныя ўмовы для дзейнасці прафсаюзаў будуць выкананыя, Беларусь адразу ж можа разлічваць на вяртанне гандлёвых прэферэнцый.
– На канферэнцыі ў Брусэлі намеснік міністра замежных спраў Беларусі заявіў, што паміж Беларуссю і краінамі ЕЗ ёсць шырокае поле для супрацоўніцтва. Гэта энергетыка, транзіт, узаемадзеянне памежных і мытных службаў, экалогія і інш. У якіх сферах такое супрацоўніцтва, на Ваш погляд, больш за ўсё рэальнае?
– Амаль ва ўсіх сферах, якія назваў намеснік міністра, супрацоўніцтва ўжо існуе. Вельмі плённа яно развіваецца, найперш, у галіне аховы меж і барацьбы з тэрарызмам. Што тычыцца эканамічнага ўзаемадзеяння, трэба сказаць, што з нямецкага боку было некалькі спроб адкрыць у Беларусі сумесныя прадпрыемствы. Некаторыя з іх былі паспяховымі, але ў шматлікіх выпадках узнікалі складанасці пры выкананні рамачных умоў. Беларускае кіраўніцтва павінна аддаваць сабе справаздачу, што пры ўсёй гатоўнасці да супрацоўніцтва з ЕЗ, якое яно дэкларуе, яму варта зрабіць пэўныя крокі на шляху дэмакратызацыі і стварэння прававой дзяржавы.