|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Чакаюцца масавыя скарачэнні на заводах 16:52, 05/09/2007 “Еўрарадыё” звярнулася да эканамістаў з просьбай патлумачыць сітуацыю. Ці ёсць сапраўды праблема звышзанятасці на беларускіх прадпрыемствах? Эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што на буйных прадпрыемствах рабочых можна звальняць цэхамі: “Сапраўды, такая праблема ёсць. І існуе яна абсалютна на ўсіх прадпрыемствах, асабліва дзяржаўных. Вы можаце зайсці на любое прадпрыемства: МАЗ, БелАЗ, у любую жылкантору, дзяржаўную краму – людзей там таўчэцца незлічоная колькасць, заробак высокі, яны проста перашкаджаюць адзін аднаму працаваць. На буйных прадпрыемствах – там увогуле цэлыя цэхі ёсць лішнія”. У той жа час Леанід Заіка зазначае, што такія размовы вядуцца даўно і выказвае сумнеў у тым, што яны дойдуць да рэальных дзеянняў: “Лукашэнка баіцца беспрацоўя. Калі гэта будзе сапраўды адбывацца, то ўзровень беспрацоўных падскочыць да 7-8% - гэта вельмі рэальна. А калі ўвогуле прыбраць усё непатрэбнае, то і ўсе 12% будзе”. Нагадаем, што цяпер, па афіцыйных даных, узровень беспрацоўя складае ўсяго 1%. Эканаміст даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык лічыць, што звальненнямі рабочых праблему росту прадукцыйнасці не вырашыш: “Наколькі я ведаю, Нацбанк праводзіць каньюнктурныя апытанні, згодна з якімі, калі не памыляюся, 7-8% працоўнай сілы на прадпрыемствах – залішнія. Але мне ідэя Зайчанкі не падабаецца. Само па сабе звальненне не дае паляпшэння якасці кіравання прадпрыемствам. Гэта не значыць, што звольніўшы працоўных, прадпрыемства стане раптам высокарэнтабельным і пачне вырабляць патрэбную ўсім прадукцыю”. Эканаміст упэўнены, што прадпрыемствам трэба дазволіць самім вырашаць, каго наймаць, а каго звальняць, і ўзгадвае, што ў 2002 годзе праводзілі палітыку звальнення рабочых. У той час асноўнай прычынай была няздольнасць прадпрыемстваў выплочваць заробак: “2002 год – гэта быў год пасля выбараў, 2007 год – таксама год пасля выбараў. Адзінае што, гэтыя гады трошку розныя, бо 2002-і быў больш складаны з пункту гледжання знешняй сітуацыі. У гэтым годзе сітуацыя даволі спрыяльная для Беларусі, калі не ўлічваць цану на газ”. Па словах Аляксандра Чубрыка, пяць год таму вялікага эканамічнага эфекту такая палітыка не дала, а сацыяльны эфект наадварот быў негатыўным: “У той час быў рост афіцыйнага і неафіцыйнага беспрацоўя. Нягледзячы на эканамічны рост, які быў зарэгістраваны ў той час Мінстатам, узровень беднасці павялічыўся. І гэта часткова адбылося ў выніку звальненняў, таму што беспрацоўныя ў нас ніяк не з’яўляюцца сацыяльна абароненай групай. Памер дапамогі смешны, якіхсьці сацыяльных гарантыяў у іх няма…” У кожным разе, калі прадпрыемствы ўсё ж такі пачнуць праводзіць скарачэнні, звольненым рабочым давядзецца самім пра сябе клапаціцца. Аляксандр Чубрык мяркуе, што тут сітуацыю магло б выратаваць развіццё малога бізнэсу, але з гэтым у нас сітуацыя складаная: “Калі заканчваецца кантракт, чалавека могуць проста звольніць, і нічога яму, па вялікім рахунку, не плацяць. Пакуль чалавек лічыцца працоўным – працуе, напрыклад, няпоўны дзень, атрымлівае нейкі мінімальны заробак, пры гэтым нічога не робіць… Вось традыцыйны клопат па-беларуску аб фактычна беспрацоўных. Але калі яны стануць рэальна беспрацоўнымі, ніхто пра іх акрамя іх саміх не паклапаціцца”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|