Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Студэнтка філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Вікторыя Волкава атрымала папярэджанне ад дэкана факультэта Івана Бурлыкі ў сувязі з удзелам у несанкцыянаваных акцыях. Па словах дэкана, калі яе затрымаюць яшчэ раз, яна будзе адлічана з універсітэту.
3 верасня студэнтку трэцяга курса філалагічнага факультэта Вікторыю Волкаву выклікалі ў дэканат для дачы тлумачэнняў з нагоды затрыманняў падчас флэш-мобаў супраць разбурэння гістарычнай забудовы Гродна, якія ладзіць Рух “За Свабоду”.
Па словах студэнткі, яе сапраўды затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, аднак адпускалі без складання пратаколаў і прад’яўлення абвінавачванняў.
Дэкан філалагічнага факультэта Іван Бурлыка паведаміў студэнтцы, што пасля наступнага затрымання яна будзе адлічана. Аднак, па словах Вікторыі, дэкан нават не змог патлумачыць, якое злачынства яна здзейсніла.
І.Бурлыка выклікаў на размову бацькоў студэнткі, якіх, па яго словах, хоча паінфармаваць, у чым была заўважана іх дачка і што можа стаць прычынай яе адлічэння з ВНУ. Ён не лічыць свае дзеянні ціскам на студэнтку.
Нагадаем, Рух “За Свабоду” у Гродне праводзіць шматлікія акцыі па захаванні гістарычнай часткі горада, удзел у якіх бяруць студэнты, гісторыкі, краязнаўцы, журналісты і ўсе, каму неабыякавы лёс каралеўскага горада над Нёманам.