Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У верасьні адчуем пераход на поўную аплату расейскага газу 15:42, 06/09/2007
У Беларусі працягваецца рост цэнаў. Ад 3 верасьня на 7% падвышаныя тарыфы на паслугі электрасувязі. Урад не хавае, што да канца году рост цэнаў будзе працягвацца. Аднак сацыяльнага выбуху ў зьвязку з гэтым эканамісты не прагназуюць, паколькі ўлады абралі тактыку паступовага падвышэньня цэнаў.
Ад пачатку верасьня падаражэлі тэлефонныя размовы, павялічылася абанэнцкая плата за карыстаньне тэлефонам і радыёкропкай — усё ў сярэднім на 7%, паведамляе «Радыё Свабода».
Павелічэньне тарыфаў на паслугі электрасувязі прагназавалася. Яшчэ пры канцы жніўня намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч заявіў, што неўзабаве беларусаў чакае падвышэньне цэнаў практычна на ўсе харчовыя і нехарчовыя тавары.
Празь некалькі дзён пасьля гэтай заявы, 30 жніўня, падаражэў грамадзкі транспарт.
Кошт праезду ў Менску павялічыўся на 20% (ад 500 да 600 рублёў), у рэгіёнах праезд замест ранейшых 420 рублёў стаў каштаваць паўтысячы рублёў за паездку. Пры гэтым улады плянуюць яшчэ і адмяніць ільготны праезд у транспарце для большасьці катэгорыяў грамадзянаў.
Рост цэнаў зьвязаны з новымі рэаліямі ў гандлёвых дачыненьнях з Расеяй, кажа доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.
“Павелічэньне цэнаў на расейскія газ і нафту адбіваецца на росьце сабекошту ў вытворцаў, даслоўна ўсіх — адных больш, другіх менш, але ўсіх. Пераход на поўную аплату, у прыватнасьці, расейскага газу, пачынаючы зь верасьня, мы адчуваем у росьце цэнаў на транспарт і на аплату жыльлёва-камунальных паслугаў”, — кажа Барыс Жаліба.