Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дзень беларускай вайсковай славы ў Дзень Менска 19:23, 07/09/2007
8 верасня Беларусь адзначае адно з самых вялікіх і ганаровых святаў – Дзень беларускай вайсковай славы. Гэтае свята прымеркаванае да гістарычнай даты – перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага над войскам Маскоўскага княства ў бітве 8 верасня 1514 года пад Оршай. Вялікая бітва стала пераможнай падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам, калі маскоўскія войскі спрабавалі захапіць тэрыторыю Беларусі. Адным з галоўных герояў Аршанскай бітвы быў гетман Кастусь Астрожскі. Менавіта ён быў на чале 30-тысячнага беларускага войска, якое дашчэнту разбіла 80-тысячнае маскоўскае войска. У гэтым годзе вялікая дата ў беларускай гісторыі адзначаецца разам з яшчэ адным святам – Днём горада Менска. Упершыню за апошнія некалькі гадоў у Дзень беларускай вайсковай славы на менскіх вуліцах будзе свята.
Адзначаць 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы пачалі толькі ў канцы 80-х гадоў. А у 1992 годзе ў гадавіну вялікай бітвы на плошчы Незалежнасці ў Менску беларускія афіцэры ўрачыста прынялі прысягу на вернасць роднай краіне і народу. 8 верасня 1992 года ў Менску былі прыведзеныя да прысягі 12 афіцэраў і 3000 салдат запасу. Тады ўдзельнікі гэтай прысягі падвяргаліся ціску з боку ўладаў, але праз вельмі кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі.
Беларусы не павінны забываць свае знамянальныя гістарычныя даты і сваіх герояў. Кожны год ў Менску адбываюцца ўрачыстыя імпрэзы, а пад Оршай, на беразе Дняпра, праходзіць фэст «Аршанская бітва», у якой бяруць удзел вядомыя беларускія пісьменнікі, мастакі, барды, музычныя групы, рыцарскія клубы.
“Мы зноў і зноў сутыкаемся з тым, што нашы суайчыннікі застаюцца ў расейска-цэнтрычным коле. І мы можам чуць ад нібыта сур’ёзных людзей пра тое, што без дапамогі Расеі беларускі народ не вызваліўся б ад татара-мангольскага прыгнёту, хоць татара-мангольскага прыгнёту на нашай зямлі ніколі не было, і гэта адна з галоўных адметнасцяў нашай гісторыі. У нас можна пачуць, як палітыкі на пытанне пра ідэал дзяржаўнай асобы адказваюць, што гэта Пётр Першы, які чыніў у Беларусі крывавыя злачынствы, хоць быў фармальна саюзнікам у Паўночнай вайне нашага манарха Аўгуста II. У гэтым сэнсе нам прынцыпова важная дата Аршанскай бітвы, бо яна разбурае расейска-цэнтрычныя стэрэатыпы і паказвае, якія мэты пераследавала Масковія, а потым Расейская імперыя ў дачыненні Беларусі, бо гісторыя нашых стасункаў з усходнім суседам – гэта, на жаль, гісторыя бясконцых войнаў. У 1514 годзе нашы продкі атрымалі адну з найвыдатнейшых перамог, пра якую ведала ўся Еўропа і дзеянні гетмана Астрожскага вывучалі як прыклад бліскучых пераможных дзеянняў войска, якое было ў некалькі разоў меншым за непрыяцеля, але перамагло. У расейскай гістарыяграфіі гэтая бітва замоўчваецца або згадваецца ў мімаходзь. У беларускай савецкай гістарыяграфіі гэта тэма ўвогуле была табуяваная”, – распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 вядомы беларускі гісторык Уладзімір Арлоў.
Сёння Арлоў адзначае, што “наша Беларусь цяпер падзеленая на дзве часткі”. Адна выхаваная на савецка-расейскай гісторыі, а другая – на сапраўды беларускай.
“Я мару пра тое, што гэтыя дзве Беларусі ў рэшце рэшт у 21 стагоддзе стануць адной еўрапейскай дэмакратычнай Беларуссю, дзе дата 8 верасня будзе ўнесеная у каляндар дзяржаўных святаў. Хачу сказаць яшчэ, што ў нашай гісторыі назіраецца такая заканамернасць, што перыяды росквіту нашай краіны паўтараюцца з перыядычнасцю у 500 гадоў. 11 стагоддзе – часы князя Усяслава Чарадзея і найвышэйшы ўзлёт, росквіт Полацку. 16 стагоддзе – гэта “залаты век” беларускай культуры. Менавіта ў гэты час адбылася Аршанская бітва. І вось прайшло 500 гадоў і я думаю, што 21 стагоддзе як раз стане тым перыядам, калі беларуская зямля перажыве свой чарговы ўзлёт і вернецца ў Еўропу, адкуль яе імкнуліся ў 16 стагоддзе вырваць усходнія суседзі”, – адзначае гісторык.
Паніхіда каля памятнага крыжа на Крапівенскім полі
Святары беларускай Аўтакефальнай царквы асьвячаюць фэст