Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Віктар Івашкевіч: Улады павінны пайсці на дыялог з апазіцыяй 10:49, 07/09/2007
«Надзеі беларускіх улад на тое, што можна хітрасцю абысці афіцыйна сфармуляваныя ўмовы супрацоўніцтва, не апраўдаліся. Высветлілася, што для еўрапейскіх лідэраў пытанні дэмакратыі – не пусты гук. І без дэмакратычных рэформаў улады не здолеюць дамагчыся паляпшэння стасункаў з Еўразвязам. Уладам даўно час зразумець, што без дыялогу з апазіцыяй не магчымы дыялог з еўрапейскімі структурамі. Таму што сёння менавіта беларуская апазіцыя з`яўляецца сапраўдным амбасадарам Беларусі ў Еўропе, а не афіцыйныя службоўцы», – заявіў намеснік старшыні Партыі БНФ, старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша Віктар Івашкевіч, каментуючы прэс-цэнтру Хартыі’97 рашэнне Еўразвяза адхіліць прапановы афіцыйнага Менска аб эканамічным супрацоўніцтве, бо ўмовай супрацоўніцтва з`яўляюцца дэмакратычныя перамены ў Беларусі.
Еўразвяз асуджае апошнія прысуды да адміністрацыйных арыштаў на 7 сутак, вынесеныя на гэтым тыдні ў Беларусі актывістам моладзевай арганізацыі «Малады Фронт». Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла прэс-сакратарка Еўракамісіі Крысціяна Хоман:
«Мы занепакоеныя паведамленнямі пра арышты на працяглы тэрмін грамадскіх актывістаў за тое, што яны выкарысталі свае грамадзянскія правы на выказванне. Паўтор палітычна матываваных арыштаў, якія мы назіралі ў апошнія месяцы, ставіць пад сумнеў гатоўнасць Беларусі супрацоўнічаць з Еўразвязам».
Спадарыня Хоман таксама паведаміла, што Еўразвяз адхіляе прапановы аб больш цесным эканамічным супрацоўніцтве, у прыватнасці, аб транзіце энергарэсурсаў, зробленыя на гэтым тыдні намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Валерыем Варанецкім на канферэнцыі па еўрапейскай палітыцы суседства.
Прэс-сакратарка Еўракамісіі падкрэсліла, што Еўразвяз не дазволіць аўтарытарнаму кіраўніцтву Беларусі выбіраць, у якіх сферах супрацоўнічаць. Яна сказала, што дэмакратызацыя Беларусі застаецца абавязковай умовай для больш цесных сувязяў:
«Збліжэнне з Еўразвязам патрабуе, каб Беларусь зрабіла пераканаўчыя крокі ў справе дэмакратызацыі і павагі правоў чалавека, у тым ліку і правы людзей выказваць свае думкі і правы няўрадавых арганізацый на існаванне».
У лістападзе мінулага года Еўразвяз высунуў 12 умоў, якія павінен выканаць Менск для паляпшэння стасункаў з Аб`яднанай Еўропай. На думку спадарыні Хоман, дзеянні беларускіх улад цалкам супярэчаць гэтым умовам.