Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Супраць МУС пададзены пазоў на 10 мільёнаў рублёў 12:49, 07/09/2007
Лідэр прадпрымальнікаў і былы палітвязень Валеры Леванеўскі пачаў серыю судовых пазоваў да Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, звязаных з парушэннем яго правоў падчас адбывання пакарання – пазбаўлення свабоды. Цяпер пададзеныя пазовы з нагоды адмены дзесяці пастаноў аб накладанні спагнанняў (у відзе змяшчэння ў СІЗА, пазбаўлення спатканняў і інш.), і кампенсаванні маральнай шкоды за непадаванне інфармацыі па дадзеных спагнаннях. Раней Леванеўскі падаў зварот у Камісію па правах чалавека ААН, у якім абскарджвае прысуд суду.
Былы вязень сумлення перакананы, што сам прысуд, згодна з якім Валеры адбываў пакаранне (два гады пазбаўлення свабоды за так званую абразу прэзідэнта), парушэнне яго правоў падчас следства, суду і адбыцця пакарання звязаныя з яго палітычнай дзейнасцю. Суды знаходзяць прычыны, каб не разглядаць пазовы Валерыя Леванеўскага. Так суд Ленінскага р-на, г. Гародня адмаўляецца разглядаць скаргі Леванеўскага В.С. на пазапраўнае накладанне спагнанняў у месцах пазбаўлення свабоды па фармальных і надуманых прычынах.
Суд вынес адпаведнае рашэнне, у якім лічыць, што дадзеныя скаргі непадсудныя суду Ленінскага р-на г. Гародня. Рашэнне абскарджанае ў Гарадзенскі абласны суд.
Адначасова з абскарджаннем рашэння пададзеная скарга ў суд Ленінскага р-на г. Гародня на дзеянні службовых асоб Гарадзенскай турмы, ІК-22, ІК-19, ДВП МУС РБ з патрабаваннямі кампенсавання маральнай шкоды ў памеры 10 000 000 (дзесяці мільёнаў) рублёў. Справа ў тым, што адміністрацыі гэтых устаноў адмаўляюцца тлумачыць Валерыю Леванеўскаму, завошта менавіта ён шматкроць прыцягваўся да адказнасці ў відзе памяшкання ў СІЗА і пазбаўлення спаткання. Больш за тое, службовыя асобы ДВП і калоній забараняюць былому палітвязню знаёміцца з матэрыяламі спраў аб накладанні спагнання, што з`яўляецца парушэннем арт.34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і працэсуальнага закона.
Цяпер у суд рыхтуюцца пазовы, звязаныя з парушэннем працоўных правоў асуджанага ў калоніі, забароны на набыццё прадуктаў харчавання ў калоніі і інш.
Нагадаем, што падчас адбыцця пакарання – пазбаўлення свабоды – суды адмаўлялі ў прыёме аналагічных скарг Валерыя Леванеўскага, а адміністрацыя ўстаноў адкрыта пераследавала асуджанага за падачу такіх скарг.