Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прадпрыемствы зачыняюцца, працоўныя застаюцца на вуліцы 12:06, 07/09/2007
У Баранавічах некалькі сотняў працаўнікоў могуць пазбавіцца працы. Іх прадпрыемства далучаюць да больш магутнага, Бярозаўскага.
Згоду на гэта даў Берасцейскі аблвыканкам.
– Мы лічым, што сталі заложнікамі перадзелу сыравіннай базы рэгіёна на карысць іншым прадпрыемствам. Нас проста "валяць"! Натуральна, турбуемся, што камбінат зачыняць. Нядаўна напісалі калектыўны ліст у аблвыканкам з просьбай нас не далучаць, але, здаецца, ніхто прыслухвацца не стаў. Пэўна, ужо зусім хутка асноўная частка працаўнікоў камбіната, дзе працуюць каля 600 чалавек, апынуцца на вуліцы, – падзяліліся сваімі перажываннямі працаўнікі Баранавіцкага мясакамбіната.
Сітуацыю пракаментаваў BulletinOnline.org намеснік старшыні Берасцейскага аблвыканкама Якаў Бухавецкі:
– Прычына рашэння аблвыканкама аб далучэнні аднаго камбіната да іншага вельмі простая. Цяпер у Беларусі для падвышэння эфектыўнасці паўсюдна ідзе праца па ўмацаванні і спецыялізацыі прадпрыемстваў. У Баранавічах склаліся некаторыя цяжкасці з нарошчваннем аб`ёмаў вытворчасці і атрыманнем сертыфікатаў на продаж тавараў у Расеі. Там, відаць, мае сэнс пакінуць толькі спецыялізаваную вытворчасць каўбас і сасісак, – распавёў Якаў Бухавецкі. – Знаходжанне ў Баранавічах забойнага і кансервавага цэхаў не мэтазгоднае. У Бярозе ёсць такая ж самая вытворчасць. Так навошта трымаць у адной галіне аналагічныя магутнасці?
Дырэктар ААТ "Баранавіцкі мясакансервавы камбінат" Уладзімір Паўлаў згаджаецца з гэтым, але адначасова гаворыць і пра боязь працоўных.
– На прадпрыемстве баяцца, што пад выглядам рэарганізацыі камбінат проста зачыняць, і працаўнікі застануцца без працы. Ёсць версія, што нас свядома "топяць" шматлікімі праверкамі і распараджэннем аблвыканкама, якія нібыта мелі месуа, аддаваць добрую скаціну канкурэнтам. Ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю я не магу, – распавёў Уладзімір Паўлаў. – Што будзе з нашым камбінатам, канчаткова вырашыцца на сходзе акцыянераў 18 верасня. Калі няма мэты зачынення, то ўсё, магчыма, будзе добра. Але што збіраецца рабіць з сваім філіялам Бярозаўскі мясакамбінат, я прадбачыць не магу.
Такім чынам, лёс 600 працаўнікоў на Баранавіцкага мясакамбіната застаецца незразумелым.