Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мэр Менску: Мы зробім прарыў да дэмакратыі і адраджэння 14:31, 08/09/2007
8 верасня каля стэлы "Менск - горад-герой" на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў адбылося ўрачыстае адкрыццё свята горада, прымеркаванага да 940-годдзя сталіцы.
Віншаванні "з імянінамі старадаўняга, цудоўнага і вечна маладога горада" адрасаваў менчукам і гасцям сталіцы старшыня Менгарвыканкама Міхаіл Паўлаў. "Веліч і славу горада пацвердзіла яго шматвекавая гісторыя, якая непарыўна звязана з гісторыяй нашага народа, - сказаў мэр Менска. - У ёй адлюстраваныя як старонкі гераічнай перамогі, гэтак і перыяды цяжкіх выпрабаванняў. Кожны раз Менск ажываў, адраджаўся і зноў паказваў свету сваю творчую душу, здзіўляючы жамчужынамі архітэктуры, непаўтонасцю старых вуліц і новых прасторных магістралей, манументальнасцю храмаў".
Паводле слоў М.Паўлава, "галоўны скарб нашага горада - гэта менчуки: цудоўныя, працавітыя і высокадухоўныя людзі". "Таму ўся дзейнасць гарадской улады падпарадкаваная адзінай мэце - зрабіць іх жыццё яшчэ больш камфортным, дастойным жыхароў сучаснага еўрапейскага мегаполіса", - заявіў ён. "Я ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі наша дружная, амаль двухмільённая сям`я здолее зрабіць прыкметны прарыў у зацвярджэнні высокіх стандартаў жыцця згодна з прынцыпамі сапраўдных дэмакратычных каштоўнасцей і духоўнага адраджэння", - дадаў М.Паўлаў.
Ён паведаміў, што на свята Менска прыехалі дэлегацыі з Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Аб`яднаных Арабскіх Эміратаў, Турцыі, Султаната Аман, Аўстрыі, Германіі, Румыніі, Малдовы, Кітая і іншых краін, а таксама падшэфныя каманды Паўночнага і Балтыйскага флатоў, паведамляе БелаПАН.
Прадстаўнікі гарадской адміністрацыі і замежныя дэлегацыі ўсклалі кветкі каля стэлы "Менск - горад-герой".
Як паведаміў М.Паўлаў, у Дзень горада жыхароў і гасцей сталіцы парадуюць разнастайнай святочнай праграмай: пройдуць свята сярэднявечнай культуры, кірмашы, выставы мёду, піва, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, адбудзецца прэзентацыя Нацыянальнай школы прыгажосці. Паводле яго слоў, да свята ў Менску было высаджана больш за 2 млн. кветак. "Пастараліся і асвятляльнікі: вечарам Мінск нічым не саступае Парыжу, Мілану, Амстэрдаму, - сказаў М.Паўлаў. - Асабліва прыгожыя унікальныя святломузычныя фантаны, якія арганічна ўпісаліся ў архітэктуру плошчы Незалежнасці".