Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мікола Статкевіч: «Кожны з нас ганарыцца тым, што зрабіў» 14:21, 08/09/2007
15 гадоў таму, 8 верасня 1992 года, у Дзень беларускай вайсковай славы, на плошчы Незалежнасці ў Менску адбылася першая прысяга вайскоўцаў на вернасць Беларусі. Прысягу прынялі 12 афіцэраў і 3000 салдат запасу. Тады ўдзельнікі гэтых падзей падвяргаліся ціску з боку ўлад, але праз вельмі кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі краіны. "Нас папярэдзілі, што могуць звольніць з войска. Але 12 афіцэраў, ведаючы, на што яны ідуць, надзелі парадную форму і выйшлі на плошчу. Але там былі тысячы і тысячы мужчын, афіцэраў і салдат запасу, і яны прысягнуліся разам з намі. Сярод іх былі падпалкоўнік Мікола Бірукоў, палкоўнік Уладзімір Савянок, палкоўнік Уладзімір Барадач, маёр Міхаіл Варанецкі, палкоўнік Леанід Балвановіч, маёр Алесь Станкевіч. Акрамя таго, сярод гэтых тысяч людзей былі і кадравыя вайскоўцы. Былі дэпутаты парламента, быў цяперашні сакратар Савета бяспекі Беларусі Віктар Шэйман. Вынікам гэтай акцыі стала тое, што ўлада была змушаная адрэагаваць, і ўсё войска прыняло прысягу на вернасць Беларусі", – заявіў у інтэрв`ю прэс-цэнтру Хартыі’97 удзельнік тых падзей, лідэр аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), першы старшыня "Беларускага згуртавання вайскоўцаў", падпалкоўнік у адстаўцы Мікола Статкевіч.
Гераічны ўчынак беларускіх афіцэраў і салдат Мікола Статкевіч тлумачыць наступным чынам:
"Гэта быў час барацьбы за беларускае войска. На пачатку 1992 года мы змаглі дамагчыся прыняцця рашэння аб стварэнні беларускага войска. Мы вырашылі, што першым крокам павінна быць прысяга на вернасць Беларусі. Некалькі месяцаў ішла барацьба – урад Кебіча згаджаўся толькі на тое, каб прыводзіць да прысягі папаўненне. А астатняя частка вайсковага складу павінна была юрыдычна захоўваць вернасць Савецкаму Саюзу, а не незалежнай Беларусі. Мы вырашылі выкарыстаць адну з найбольш хвалебных дат у нашай гісторыі – гадавіну Аршанскай бітвы, – і заклікалі патрыётаў выйсці на плошчу Незалежнасці і прысягнуцца на вернасць роднай краіне. Дзякуючы гэтаму ўся краіна даведалася пра тое, што ў нашай гісторыі ёсць такія даты. Кожны з нас ганарыцца тым, што зрабіў".
Нагадаем, што 8 верасня Беларусь адзначае адзін з самых вялікіх і ганаровых святаў – Дзень беларускай вайсковай славы. Гэтае свята прымеркаванае да гістарычнай даты – перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага над войскам Маскоўскага княства ў бітве 8 верасня 1514 года пад Оршай. Вялікая бітва стала пераможнай падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам, калі маскоўскія войскі спрабавалі захапіць тэрыторыю Беларусі. Адным з галоўных герояў Аршанскай бітвы быў гетман Кастусь Астрожскі. Менавіта ён быў на чале 30-тысячнага беларускага войска, якое цалкам разбіла 80-тысячнае маскоўскае войска.
На першым плане: палкоўнік Уладзімір Барадач, маёр Алесь Станкевіч, падпалкоўнік Мікола Бірукоў, палкоўнік Леанід Балвановіч. На другім плане: лідэр Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазняк і падпалкоўнік Мікола Статкевіч.
Сябры “Беларускага згуртавання вайскоўцаў” праз 10 год пасля першай прысягі на вернасць Беларусі (2001 г.)