Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Гомелі адкрыўся каталіцкі дэканат 07:05, 10/09/2007
У Гомелі створаны каталіцкі дэканат – новая тэрытарыяльная адзінка Рымска-каталіцкай царквы. Такое рашэнне апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі кардынала Казіміра Свентка было абвешчанае 8 верасня ў гомельскім касцёле Нараджэння Божай Маці падчас урачыстага набажэнства з нагоды Нараджэння Панны Марыі.
Раней у вобласці быў адзін, Мазырскі дэканат, цяпер, для больш эфектыўнага кіравання касцёламі, арганізаваны другі. Ксяндзом-дэканам Гомельскага дэканата прызначаны настаяцель гомельскага касцёла Славамір Ляскоўскі. У новую тэрытарыяльную адзінку ўвайшлі каталіцкія парафіі Жлобіна, Рагачова, Светлагорска і Рэчыцы.
Ва ўрачыстасцях з нагоды Нараджэння Панны Марыі ў гомельскім касцёле ўзялі ўдзел больш за 400 чалавек. Эўхарыстыю для гомельскіх парафіянаў і госцяў з розных гарадоў вобласці і Нямеччыны праводзілі 11 каталіцкіх святароў.
Даведка БелаПАН. Будаўніцтва гомельскага касцёла Нараджэння Божай Маці пачалося ў 1994 годзе. У 2000 годзе касцёл быў асвячоны, тут пачалі праводзіць набажэнствы. Касцёл Нараджэння Божай Маці – адзіны каталіцкі храм у Гомелі. Яго парафіянамі з`яўляюцца каля 500 чалавек – 1% насельніцтва горада.