Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Найджэл Гулд-Дэвіс: «Без дэмакратычных рэформ стасункі Беларусі з ЕЗ наўрад ці зменяцца» 16:46, 10/09/2007
"Еўразвяз гатовы развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю, але толькі пры выкананні рэспублікай пэўных умоў. Выбар стаіць менавіта перад Беларуссю", – заявіў у інтэрв`ю БелаПАН часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс. Ён падкрэсліў, што без дэмакратычных змен у Беларусі стасункі з ЕЗ “наўрад ці зменяцца карэнным чынам”.
"Развіццё эканомікі і энергетыкі, безумоўна, важныя. Але яшчэ важней зразумець, што Еўразвяз – гэта не толькі эканамічны альянс, але таксама палітычная і юрыдычная супольнасць, – сказаў Н.Гулд-Дэвіс. – Ёсць агульныя этычныя і маральныя каштоўнасці і прынцыпы, якія з`яўляюцца сутнасцю ідэі аб`яднанай Еўропы. Іх нельга ігнараваць і недаацэньваць".
Кіраўнік брытанскай дыпмісіі з шкадаваннем адзначыў, што пакуль беларускі бок не прадэманстраваў жадання "распачаць нейкія пэўныя крокі" для рэалізацыі прапаноў, выкладзеных у дакуменце "Што Еўрапейскі Звяз можа даць народу Беларусі".
Н.Гулд-Дэвіс падкрэсліў, што адным з важнейшых патрабаванняў ЕЗ з`яўляецца "неабходнасць захавання правоў грамадзян Беларусі", у тым ліку права на свабоду сходаў, асацыяцый і думак. Нядаўнія суды над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт" парушаюць гэтыя правы грамадзян. "Мы выказваем свой пратэст супраць такіх парушэнняў фундаментальных правоў грамадзян Беларусі", – сказаў Н.Гулд-Дэвіс.