|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Лішнія людзі 21:36, 10/09/2007, Уладзімір Халіп Дзікунскі звычай!.. Але хто б мог падумаць, што пройдзе ўсяго толькі нейкае тысячагоддзе, і рэха тых змрочных падзей адгукнецца далёка на захадзе. У Беларусі. Дакладней, у РБ. Свае ўласныя звычаі мы адфутболілі, нібы мяч на прайграным матчы, далёка за трыбуны. Цяпер запаўняем вакуум тым, што пад руку трапляе. І не толькі ўсё расійскае папераймалі, але і да краіны ўзыходзячага сонца ўжо дацягнуліся. Здавалася б, з тамтэйшых звычаяў найбольш прыдатным тут можа быць харакіры. Хто ж не памятае, як уся рэспубліка, затаіўшы дыханне, глядзела на галоўным тэлеэкране разнос высокага чынавенства. І такое яно, чынавенства, і гэткае. Сыходзячы нават з самых сціплых, побытавых уяўленняў аб чалавечай годнасці, можна было чакаць, што нехта не вытрывае, ускочыць і гнеўна спыніць адлуп. Калі ж аднаго з тых, хто ўткнуўшыся носам у блакноцік, мітусліва там нешта крэмзаў, і ўвогуле ахоўнікі падхапілі пад рукі і выштурхнулі за дзверы, наўрад ці хто сумняваўся, што харакіры ўжо не пазбегнуць. Пасля гэткай публічнай знявагі хіба можна проста вярнуцца дамоў і зрабіць выгляд, быццам нічога і не было. Але нічога – вярнуўся. Зрабіў выгляд. І зноў праз нейкую шчылінку ўтачыўся у звычнае асяроддзе. Да тых, з блакноцікамі. Не, самурайскі кодэкс – гэта нешта чужое і незразумелае. А вось той даўні звычай рашуча і бескампрамісна пазбаўляцца ад людзей, мясцовай уладзе патрэбных не надта, лёг на добра ўгноеную глебу і даў шалёныя парасткі. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што не гэты рэжым быў тут першапраходцам. Кіраўніцтва камуністычнай яшчэ Беларусі засвоіла яго паспяхова і нават удасканаліла адмыслова. З тым сапраўды старажытнаяпонскім спакоем нашы партыйныя правадыры выціснулі адгэтуль няўгоднага ім Алеся Адамовіча. Гэта ў Маскве дэбільная тамтэйшая гэбуха пасадзіць непажаданага пісьменніка ў самалёт ды выкіне ў якую-небудзь Нямеччыну. А там сустрэне яго Генрых Бёль. Тэлерэпарцёры набягуць. Потым крыку на ўвесь свет – душаць, крыўдзяць, высылаюць! А тут – партызанскі край. Ніхто не крычыць і глупстваў не дазваляе. Усё ціха, мірна, спакваля. І навокал таго, хто прызначаны лішнім, узнікае раптам нейкі незразумелы туман. І чалавек пачынае ў ім задыхацца. Нічога не можа зрабіць. Усе намаганні марныя. Куды ні ткніся – сцяна. І нават ілбом яе не прабіць. Бо сцяна тая – з ваты. Потым вынаходніцтва гэта нашчадкі высокіх партыйцаў умела выкарыстаюць у змаганні з Васілём Быкавым. І сапраўды, хіба ўлада змусіла яго да выгнання? Хіба яна распачала няспыннае цкаванне на тэлеэкране? Кожнаму добра вядома, што тэлебачанне тут – самае свабоднае. Народнае, фактычна. І калі яно пачынае нешта такое – гэта ж голас народа. Трэба прыслухацца. І зразумець, чаго ад пісьменніка чакае народ. А да розных там выдавецкіх планаў улада і ўвогуле дачынення не мае. І не выкідвае адтуль нікога. Проста высветліцца аднойчы прыкрая нечаканасць: хоць вы і класік, і самы запатрабаваны ў чытачоў аўтар, але ў кнігарнях на вашы творы ніводнай заяўкі няма. Тым болей, па хатнім тэлефоне штодзённа пагражае вядома ж не ўлада. І хіба гэта яна на парозе ўласнага дома збіла знакамітага рэжысёра і беларускіх вучоных? Усё тое – прыкрая выпадковасць. Толькі адна акалічнасць псуе бездакорнае алібі. Выпадковыя бандзюкі яшчэ нідзе і ніколі не памыліліся. Ведаюць дакладна, хто тут лішні. Ды што асобныя акадэмікі! Ужо Еўрапейскі гуманітарны універсітэт з усёй яго прафесурай і студэнцтвам патрапіў у шэрагі лішніх і быў выціснуты за мяжу. Беларускі ліцэй, які дае выхаванцам такія веды, што варта ім ганарыцца, таксама занесены ў спіс лішніх. І каго там усхвалявала, што пакаранымі будуць дзеці. Выкінулі разам з падручнікамі пад плот стадыёна. А ў адваяваны будынак увабраўся суд – самы справядлівы ў свеце. Калісьці нечаканая навіна усхвалявала краіну: з’ехаў за мяжу акадэмік Платонаў. Вядомы вучоны, матэматык. Уцечка мазгоў – такая бяда! А цяпер ужо натоўпы знакамітых і яшчэ больш тых, хто ў хуткім часе непазбежна стане знакамітым, пакідаюць або пакінулі ўжо Беларусь. І ні крыку, ні слёз. Абыдземся, як абышліся без Барыса Кіта, дзякуючы якому чужая краіна пакінула на Месяцы след чалавека. Беларусь у гэткіх людзях патрэбы не мае. У нас свае зацікаўленні. І блукаюць па краі Білі Бонсы мясцовай Феміды і раздаюць маладым, смелым, таленавітым чорныя меткі. Вы – лішні. Граніца яшчэ не на замку. Пакуль не позна – з’язджайце! А тых, хто не разумее, вучаць. Ды яшчэ як! Не з Марса ж зваліўся пракурор на нядаўнім працэсе ў Нясвіжы. Ведаў ён добра, якія ў грамадзян квітнеючай краіны заробкі. Але запатрабаваў для Насты Азаркі штраф у памеры 500 базавых велічынь – 15,5 мільёнаў рублёў! Сістэма запраграмавана. І ніякія знешнія ўплывы яна ўжо не ўспрымае. Сістэма, вядома, не новая. Але надзейная. Выпрабавана і ўдасканалена ў незабыўныя трыццатыя. Працуе пакуль не на поўную моц. Але магчымасці мае неабмежаваныя. І што там нейкія старажытныя японцы! Скараціўшы спажыўцоў рысу на аднаго, яны спадзяваліся неяк дажыць да вясны. Жорстка і дзіка, але размова ішла аб жыцці і смерці шматпакутнай сялянскай сям’і. А тут робіцца тое ж самае, але толькі дзеля камфорту нахабнай і сытай улады. Куды больш дрымучая, чым той бедалага-селянін, яна адчувае ўсю сваю безнадзейную адсталасць у прысутнасці людзей адукаваных, таленавітых, высакародных. Побач з імі ёй няўтульна, як было няўтульна таварышу Сталіну побач з тымі, хто меў сумленне і гонар. Там, дзе верх бярэ пралетарыят у розных яго абліччах нічога добрага ўжо не будзе. Сталінізм трансфармаваць немагчыма. Нават у познім яго варыянце. І калі дыктатура ўжо ёсць, знойдзецца непазбежна і вялікае мноства людзей ад якіх так ці інакш, а пазбавіцца трэба. І спісы лішніх пры ўсіх дыктатурах складаюцца па аднолькавым узоры: усё насельніцтва, мінус адзін чалавек. hhhhh
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|