Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Бунт – мова непачутых» (Фотарэпартаж з мітынгу прадпрымальнікаў) 14:47, 10/09/2007
10 верасня ў Менску, на пляцоўцы ў парку Дружбы народаў, прайшоў мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў. У ім удзельнічалі больш за тысячу чалавек. Акцыя санкцыянаваная гарадскімі ўладамі, прадстаўнік якіх таксама прысутнічаў на мітынгу. Заяўку на правядзенне мітынгу падавалі актывісты рэспубліканскага грамадскага аб`яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва", а таксама старшыні некалькіх саветаў прадпрымальнікаў рынкаў з Менска, Гомеля, Віцебска і іншых гарадоў краіны.
Адкрываючы мітынг, лідэр "Перспектывы" Анатоль Шумчанка ў першую чаргу звярнуў увагу на транспаранты, разгорнутыя над сцэнай. У іх змешчаныя цытаты з выступаў Аляксандра Лукашэнкі: "Не павінны пацярпець ні прадпрымальнікі, ні працадаўцы, ні людзі, якія ў іх працуюць", "Не пагаршаць умовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў і ствараць стабільныя падатковыя ўмовы для развіцця малога бізнэсу". Шумчанка выступіў з крытыкай службоўцаў і апеляваў да кіраўніка дзяржавы з патрабаваннем абараніць ад службоўскага самавольства прадпрымальнікаў, якія з`яўляюцца часткай беларускага народа.
Мэта мітынгу, па словах арганізатараў, звярнуць увагу ўлад на праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў і асоб, што працуюць па найманні, якія асабліва абвастрыліся з уступленнем у сілу ўказаў Лукашэнкі № 302 і № 760. Паводле першага ўказу ІП павінны быць пераведзеныя ва ўнітарныя прадпрыемствы, утварыўшы юрыдычныя асобы. А там зусім іншыя, больш высокія патрабаванні да дакументацыі і фінансавай справаздачнасці, а таксама сур`ёзныя складанасці арганізацыйнага плану. У прыватнасці, неабходна зарэгістраваць юрыдычны адрас, усе фінансавыя аперацыі праводзіць па бязналу, падаваць таварна-транспартныя накладныя на ўсе рэалізуемыя тавары.
Пра нежыццяздольнасць дадзенага ўказу, па думку Шумчанкі, сведчыць той факт, што ў сталіцы на сёння на перарэгістрацыю ў якасці юрыдычнай асобы падалі дакументы толькі 14 прадпрымальнікаў, гэта значыць адзінкі. У рэспубліцы цяпер працуе каля 200 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў і каля 300 тысяч наёмных працаўнікоў. Пры гэтым, па словах каардынатара менскіх прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева, індывідуальныя прадпрымальнікі папаўняюць казну на больш як мільярд даляраў штогод.
Паводле ўказу № 760, з 1 студзеня 2008 года індывідуальныя прадпрымальнікі не могуць прыцягваць наёмных працаўнікоў за выключэннем членаў сям`і і блізкіх сваякоў. Пры гэтым застаецца ў сіле абмежаванне колькасці працаўнікоў у ІП да трох чалавек. Шумчанка ў сваім выступе запатрабаваў ад улад адмяніць указ № 760, які фактычна разбурае бізнэс тых, хто не зможа перайсці на ўмовы працы ўнітарнага прадпрыемства. Дзяржава губляе падатковыя паступленні, а сотні тысяч людзей аказваюцца на вуліцы.
Лозунгі, пад якімі праходзіў мітынг, гавораць самі за сябе: «Нестабільнае заканадаўства – кармушка для службоўцаў», «Чым багацей прадпрымальнік – тым багацей краіна», «Мы звальняем прадаўцоў. Хто іх працаўладкуе?», «Далоў канфіскацыі тавараў», «Аднялі льготы – пакіньце працу!», «Бунт – мова непачутых»…