Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міліцыя шукала міны часоў Аршанскай бітвы? 07:00, 10/09/2007
Каля 100 актывістаў апазіцыі былі затрыманыя 8 верасня, у Дзень беларускай ваеннай славы, у Оршы і Магілёве. Толькі на Крапівенскім полі, дзе павінен быў прайсці бардаўскі фэст, былі затрыманыя больш як 40 чалавек. Група грамадскіх актывістаў з 20 чалавек затрыманая ў Магілёве. У Оршы людзей здымалі з цягнікоў, аўтобусаў, маршрутных таксі, трымалі гадзінамі ў міліцэйскіх аддзяленнях, а пасля саджалі на цягнікі і адпраўлялі назад. Але 9 верасня на Крапівенскім поле былі зноў схопленыя 20 чалавек. Сярод затрыманых шмат вядомых людзей: бард Андрэй Мельнікаў, мастак Алесь Пушкін, моладзевыя лідэры Зміцер Хведарук, Андрэй Шарэнда, актывісты Іван і Ілля Шыла.
Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 моладзевы лідэр Павал Севярынец, 8 верасня людзей трымалі ў аддзяленнях міліцыі і не выпускалі да раніцы. Пры гэтым міліцыянты ўпэўнівалі, што ніхто фармальна не затрыманы – пратаколы не складаліся. Пад раніцу затрыманыя 8 верасня людзі былі вызваленыя.
Але арышты працягнуліся на наступны дзень. Затрыманых 9 верасня актывістаў прывезлі ў аўтазаках у Аршанскае раённае аддзяленне міліцыі і трымалі некалькі гадзін у актавай зале. Супрацоўнікі міліцыі ўжо было пачалі выпускаць некаторых з затрыманых пасля праверкі дакументаў, "аднак у гэты час хтосьці з акна РУУС выкінуў на вуліцу чырвона-зялёны сцяг, які з`яўляецца дзяржаўным". "Пасля гэтага, – паведаміў Севярынец, – супрацоўнікі міліцыі ізноў сталі затрымліваць нават тых, хто ўжо быў вызвалены і знаходзіўся побач з будынкам РУУС. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, моладзевым актывістам пакуль інкрымінуецца непаважлівае стаўленне да дзяржаўнай сімволікі". Паводле дадзенага абвінавачвання затрыманыя мастак Алесь Пушкін, моладзевыя актывісты Аляксей Янушэўскі і Алена Макарэвіч.
Вядома таксама, што сакратара аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніса Садоўскага абвінавачваюць у супраціўленні і непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Адзін з міліцыянтаў сцвярджае, што Дзяніс падрапаў яму руку. З 8 верасня актывіст знаходзіцца ў Аршанскім гарадскім аддзяленні міліцыі.
8 верасня супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў сустракалі цягнікі з Менска, Магілёва, Гомеля і Віцебска, адкуль на бардаўскі фэст ехалі дзесяткі людзей. Затрымліваліся аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, маршрутныя таксі.
Само Крапівенскае поле два дні было ачэпленае супрацоўнікамі міліцыі. Ужо напярэдадні свята, 7 верасня, міліцыянты заявілі, што ім паступіў званок пра тое, што поле нібыта замінаванае.
Нагадаем, што такім чынам апраўдвалася менская міліцыя, калі ўварвалася на спектакль «Свабоднага тэатра» і арыштавала ўвесь акцёрскі і рэжысёрскі склад, а таксама гледачоў.
Так Дзень беларускай вайсковай славы адзначаўся на Крапівенскім полі пад Оршай у мінулыя гады: