Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Завышаны абменны курс беларускага рубля, на думку эканамістаў, прыгнятальна ўздзейнічае на прамысловасць і знешні гандаль.
Па разліках Міжнароднага валютнага фонду /МВФ/, сёння ў Беларусі рэальны абменны курс беларускага рубля завышаны прыкладна на 10%. Пры гэтым экспертаў МВФ турбуе, што прафіцыт наяўнага рахунку аплатнага балансу Беларусі ў 2005 г /0,469 млрд даляраў або 1,6% да ВУП/ змяніўся вялікім дэфіцытам у 2006 г /мінус 1,512 млрд даляраў або мінус 4,1% да ВУП/. У выніку эксперты МВФ рэкамендуюць ураду і Нацбанку разгледзець магчымасць стварэння ўмоў для падвышэння гнуткасці абменнага курсу з цягам часу.
Кандыдат эканамічных навук дарадца аддзела валютнага аналізу і прагназавання Нацыянальнага банка Беларусі Алег Карачун адзначыў, што нават магчымая дэвальвацыя беларускага рубля мае для Беларусі абмежаваны станоўчы эфект. «У сярэднетэрміновай перспектыве гэты эфект з`яўляецца абмежаваным, таму што ў Беларусі імпарт прадстаўлены ў большай ступені паліўна-энергетычнымі таварамі. А гэтыя пазіцыі практычна не рэагуюць на дэвальвацыю рубля», – сказаў прадстаўнік Нацбанку.
Іншыя эканамісты даюць негатыўную ацэнку штучнаму падтрыманню высокага курсу нацыянальнай валюты. «Спробы падвышаць рэальны курс да дасягнення нацыянальнай эканомікай дастатковага ўзроўню эфектыўнасці выкарыстання капіталу, прыгнятальна ўздзейнічаюць на прамысловасць і знешні гандаль. Як правіла, канчаюцца гэтыя спробы даволі драматычна», – мяркуе адзін з экспертаў фінансавага рынку Беларусі.
У той самы час, на думку іншага фінансавага эксперта, пераход да палітыкі плаўнага прагназаванага змянення курсу рубля ўскладняецца тым, што ў Беларусі абменны курс – гэта палітычны барометр даверу да ўлады. «Паганяць на працягу двух тыдняў курс рубля на 100 рублёў туды-назад – гэта значыць пахіснуць давер. Таму што любы наш грамадзянін, нават той, які ніколі даляра ў руках не трымаў, ведае, што, калі заторгаецца курс, значыць, папаўзуць цэны, узнікнуць праблемы ў банках і пайшло-паехала», – сказаў эксперт.
Як раней паведамляў ПРАЙМ-ТАСС, рэальны курс беларускага рубля за студзень–ліпень 2007 г знізіўся да «кошыку валют» краін – асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі на 4% у параўнанні з снежнем 2006 г. Пры гэтым рэальны курс беларускага рубля да расейскага рубля за студзень–ліпень 2007 г знізіўся на 5,3% у параўнанні з снежнем 2006 г, да еўра – на 1,2%, да даляра ЗША – умацаваўся на 0,7%, да ўкраінскай грыўні – знізіўся на 2,2%.
З траўня 2004 г у якасці краін – асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі ўлічваюцца ўсе краіны, доля якіх у знешнегандлёвым абарачэнні краіны складае больш як 1%. Раней рэальны курс разлічваўся па кошыку валют Расеі, Украіны, Нямеччыны і Польшчы.