|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Андрэй Саннікаў: «У Еўразвязе хацелі б бачыць пачатак пэўнага ўзаемадзеяння паміж апазіцыяй і ўладамі» 13:30, 10/09/2007
– Андрэй Алегавіч, наколькі важным і ўплывовым з`яўляецца Форум у Крыніцы? – Штогадовы Эканамічны форум у Крыніцы – гэта найбуйнейшае міжнароднае мерапрыемства, якое па праве называюць Усходнееўрапейскім Давосам. Там збіраюцца вядучыя палітыкі, грамадскія дзеячы, аналітыкі, эксперты, бізнэсмэны. Як і Давос, форум у Крыніцы дае магчымасць не толькі афіцыйных выступаў і дыскусій, але і нефармальных стасункаў, што вельмі важнае для абмеркавання міжнародных праблем і пошукаў іх вырашэння. – Ці абмяркоўвалася на Форуме сітуацыя ў Беларусі? – Сёлета ў тым, што тычыцца сітуацыі ў Беларусі, можна было адзначыць змяненне фармату дыскусіі. На Форуме прысутнічала вельмі прадстаўнічая расейская дэлегацыя, якая складаецца з палітыкаў, аналітыкаў, экспертаў, бізнэсмэнаў, якія ўдзельнічалі ў розных секцыях і выказваліся практычна па ўсіх пытаннях міжнароднай палітыкі. Аднак, у адрозненне ад шматлікіх міжнародных канферэнцый апошніх гадоў, расейскія прадстаўнікі ўвогуле нічога не казалі пра Беларусь. Калі раней яны з любой нагоды і без нагоды выступалі ў абарону Лукашэнкі і палітычнай сістэмы ў Беларусі, то гэтым разам яны не рэагавалі нават на вострыя заўвагі аб падабенстве рэжымаў у Расеі і Беларусі. У той самы час прадстаўнікі Еўропы вельмі зацікаўлена абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі і магчымыя варыянты яе развіцця. Прадстаўнік Еўразвяза на секцыі па Беларусі адзначыў, што намеснік міністра замежных спраў Беларусі Варанецкі на канферэнцыі, што нядаўна адбылася, зрабіў вельмі цікавыя прапановы, якія маглі б прыцягнуць як еўрапейскіх палітыкаў, так і бізнэсмэнаў. У той самы час ён падкрэсліў: сёння ўсе 27 краін-сябраў ЕЗ як ніколі аднадушныя ў сваёй ацэнцы сітуацыі ў Беларусі. У прыватнасці, Еўразвяз не можа сур`ёзна ставіцца да прапаноў, якія прагучалі ад афіцыйнага прадстаўніка Беларусі, на фоне бесперапынных рэпрэсій, павелічэння колькасці палітвязняў, адсутнасці элементарных правоў і свабодаў чалавека ў Беларусі. Дарэчы, Варанецкага чакалі і ў Крыніцы для працягу гутаркі, але па нейкіх прычынах ён туды не прыехаў. Такія паводзіны беларускіх улад выглядаюць вельмі дзіўным. Нібыта чалавек сам сябе перапыніў на паўслове і ўцёк. – З чым вы звязваеце паводзіны расейскай дэлегацыі на Форуме? – Па ўсёй верагоднасці, гульні ў брацкія стасункі Расеі і Беларусі апынуліся настолькі пустымі і выхалашчанымі, што Расея пазбягае сёння рабіць хоць нейкія заявы па беларускай сітуацыі, каб зноў не апынуцца ў дурнях. А улічваючы праблемы з дэмакратыяй у самой Расеі, адкрытая падтрымка Лукашэнкі выглядала б проста недарэчна. Безумоўна, гэта тычыцца афіцыйных прадстаўнікоў Расеі, бо прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, творчыя людзі цікавіліся нашай сітуацыяй і выказвалі сваю падтрымку дэмакратычным сілам. – З кім Вы сустракаліся падчас Форума? – Адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі Рады Еўрапейскага Звязу, Еўракамісіі, аналітыкамі з Расеі і Еўропы, грамадскімі дзеячамі, у прыватнасці, з Андрыянам Севярынам, былым спецдакладчыкам ААН па Беларусі. Ён, дарэчы, так пракаментаваў рашэнне аб выключэнні Беларусі з спісу краін, якія маюць патрэбу ў спецдакладчыку ААН па правах чалавека. Севярын сказаў, што невядома, наколькі беларускія ўлады могуць быць задаволеныя такім рашэннем, бо пасада спецдакладчыка была скасаваная, а даклад, які ён падрыхтаваў, застаецца ў сіле. І усе высновы, якія тычацца парушэння правоў чалавека, не страцілі актуальнасці, і па іх будзе весціся праца. Такім чынам, беларускія ўлады, пазбавіўшыся спецдакладчыка, страцілі магчымасць прамога ўплыву на змест дакладу па сітуацыі ў Беларусі. – Як ставяцца ў Еўропе да ідэі правесці 14 кастрычніка ў Менску Еўрапейскі Марш? – Прадстаўнікі Еўразвяза з вялікай увагай сочаць за падрыхтоўкай Еўрапейскага Марша. Інфармацыя пра яго правядзенне, а таксама пра прапанаваны дэмакратычнымі сіламі дыялог з уладамі, разглядаецца прадстаўнікамі Еўразвяза як вельмі важная падзея ў жыцці Беларусі. Безумоўна, яны будуць сачыць за тым, як улады рэагуюць на падрыхтоўку да Марша, і хацелі б бачыць пачатак пэўнага ўзаемадзеяння паміж апазіцыяй і ўладамі. ![]()
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|