Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рыцары, мастакі і музыкі падарылі менчукам свята (Фота) 16:41, 10/09/2007
На выходных менчукі святкавалі 940-годзьдзе першай вядомай узгадкі пра горад Менск у гісторыі. На наш погляд, самымі цікавымі на свяце гораду былі двухдзённы рыцарскі фэст “Легенды старога Менску”, арганізаваны беларускімі рыцарскімі клубамі, “Свята мёду”, “Горад майстроў”, ды канцэрт музычных калектываў у Лошыцкім парку на другі дзень свята.
Недалёка ад Стэлы у гонар Менску, на зялёнай зоне на два святочных дні размясціліся шатры рыцарскіх клубаў. Рыцары дэманстравалі сваё вайсковае майстэрства: стралялі з лука, сыходзіліся ў двубоях, штурмавалі дэкаратыўную крэпасць, ладзілі бугурт. У час адпачынку паненкамі ў сярэдневечных строях ладзіліся майстар-класы старажытнага танцу.
Рыцарскія клубы інсцэніравалі спробу захопу крыжакамі беларускай крэпасці. Ярчэйшага відовішча шоў надало выкарыстанне агню і піратэхнічных сродкаў. І тут і там грымелі петарды, ляцеў каляровы дым. Абаронцы крэпасці падпалілі таран. Змаганне ішло з пераменным поспехам, але ўрэшце “нашы” перамаглі.
Уздоўж былога Машэрава размясціліся крамы і часовыя кафэ, гандлявалі мастацкімі вырабамі шматлікія рамеснікі, разнастайную прадукцыю прапаноўвалі беларускія пчаляры пад час “Свята мёду”. Прыемна адзначыць, што вядоўцы мядовага свята звярталіся да менчукоў выключна па-беларуску.
Але сапраўдны горад майстроў раскінуўся каля Траецкага прадмесця. Выбар карцін, керамікі, драўляных вырабаў, дэкаратыўнага жалеза, прысмакаў, саломкі, тканін мог задаволіць самага патрабавальнага пакупніка.
На праспекце Пераможцаў (былым Машэрава) спынілася рарытэтная Волга ГАЗ-21 , расфарбаваная ў колеры ДАІ БССР. Машыну выставілі напаказ менскія міліцыянты, і яна сталася найярчэйшым відовішчам першага дня свята.
На наступны дзень свята прыемна ўразіла Лошыца. Горад майстроў перамясціўся сюды і глядзеўся ў шляхетным парку вельмі арганічна. На сцэне, усталяванай перад палацам Любанскіх ладзіліся выступы выключна беларускамоўныя выступы музычных і тэатральных калектываў. Адзін маладзёвы гурт зрабіў рымейк песень беларускага барда Віктара Шалкевіча. Артысты былі вясёлымі, нязмушанымі і дасціпнымі, за што заслужылі шчырыя апладысменты гледачоў.