Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Нью-Ёрку прайшла акцыя ў падтрымку беларусаў (Фота) 10:49, 10/09/2007
Моладзевая арганізацыя "Беларускi моладзевы рух Амерыкi" 9 верасня правяла ў Нью-Ёрку ў штаб-кватэры ААН пікет у падтрымку моладзевых актывістаў Беларусі, асуджаных за дзейнасць ад імя арганізацыі "Малады Фронт". У пікеце ўзялі ўдзел некалькі дзесяткаў чалавек.
Удзельнікі акцыі прынялі зварот да генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна. Аўтары звароту інфармуюць генеральнага сакратара ААН аб існаванні ў Крымінальным кодэксе Беларусі артыкула 193-1, якая прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных грамадскіх арганізацый. Гэтыя нормы крымінальнага права, на іх думку, накіраваныя на прыгнечанне любой крытыкі беларускай улады. Аўтары звароту просяць генсека ААН паўплываць на кіраўніцтва краіны і патрабаваць спыніць пераслед людзей за іх палітычныя перакананні.
Нагадаем, 4 верасня суды Салігорскага раёна і Нясвіжа прызналі моладзевых актывістаў Івана Шылу і Насту Азарку вінаватымі ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Шыла папярэджаны аб незаконнасці такой дзейнасці. Азарку прысудзілі да штрафу ў 40 базавых велічынь (1 млн. 240 тыс. беларускіх рублёў).
За дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый на розныя тэрміны турэмнага зняволення былі асуджаныя моладзевыя актывісты Павал Севярынец, Артур Фінькевіч, Зміцер Дашкевіч, Антон Кішкурна і іншыя.
Зварот адкрыты для падпісання і яго тэкст размешчаны на сайце арганізацыі "Беларускi моладзевы рух Амерыкi".
Удзельнікі акцыі, якая адбылася каля штаб-кватэры ААН, таксама зачыталі віншаванне моладзі Беларусі з Днём беларускай вайсковай славы лідэра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Зянона Пазняка. Як адзначыў З.Пазняк, гэтае свята бярэ свой пачатак з 1514 года, "калі 30-тысячнае беларускае войска атрымала перамогу над 80-тысячнай маскоўскай ардой". "Мы перажылі кашмарныя 200 гадоў расейскай акупацыі і ў барацьбе здабылі незалежнасць, аднавілі сваю дзяржаўнасць. Аднак барацьба не скончаная, вайна працягваецца", – гаворыцца ў віншаванні.