Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міжнароднага злачынцу Радавана Караджыча хавалі ў Беларусі 13:32, 11/09/2007
У лістападзе 1997 года, калі ў Босніі, якая знаходзілася пад кантролем НАТО, мусілі прайсці выбары, лідэра баснійскіх сербаў Радавана Караджыча расійскі самалёт даставіў у Беларусь. Тут ён пражыў некалькі месяцаў. Гэтыя звесткі ўтрымліваюцца ў новай кнізе “Мір і пакаранне” Флоранс Хартман, былой супрацоўніцы прэс-службы Гаагскага трыбунала, журналісткі “Le Monde”, паведамляе Бі-бі-сі.
Паводле Хартман, Вялікабрытанія, Расія, ЗША і Францыя умысна пакінулі на волі сербскіх лідэраў Радавана Караджыча і Ратка Младзіча, якія вышукваліся за генацыд падчас баснійскага канфлікта (1992-1995).
Хартман апісвае ў кнізе сустрэчу Біла Клінтана, Тоні Блэра і Гельмута Коля з Жакам Шыракам у садзе Елісейскага палаца, якая адбылася ў траўні 1997 года. На гэтай сустрэчы, сцвярджае аўтар, лідэры ЗША і Вялікабрытаніі пры падтрымцы канцлера Германіі пераканалі французскага прэзідэнта ніяк не ўплываць на сітуацыю вакол магчымага арышту Караджыча, паведамляе «Радыё Рацыя».
Шырак у той час быў раззлаваны тым, што два французскія лётчыкі патрапілі ў палон да баснійскіх сербаў і хацеў за гэта ініцыявать працэс арышту Караджыча. Французскі лідэр быў змушаны пагадзіцца з аргументамі астатніх, якія заключаліся ў тым, што гэткая аперацыя не можа быць праведзена патаемна ад расійскай улады.
Аб тым, што Караджыч не быў арыштаваны з-за супраціву Расіі, Шырак расказаў генеральнаму пракурору Гаагскага трыбунала Карле дэль Понце.
Прэзідэнт Рэспублікі Сербскай Радаван Караджыч і ягоны паплечнік, камандуючы арміі баснійскіх сербаў Ратка Младзіч абвінавачваюцца ў шэрагу ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых падчас баснійскай вайны 1992-1995 гадоў. У прыватнасці, ім інкрымінуюць арганізацыю блакады Сараева, падчас якой у выніку артабстрэлаў і вулічных баёў загінула каля 10 тысяч міных жыхароў, а таксама расстрэл 8 тысяч мусульман у баснійскім анклаве Срэбраніца. Пэўны час яны лічыліся самымі вышукваемымі злачынцамі.
Варта заўважыць, што раней у сусветных СМІ разгледжваліся дапушчэнні аб тым, што лідэр харвацкіх сербаў Горан Хаджыч, абвінавачаны Гааагскім трыбуналам у злачынствах (1991-1995 гады), таксама нейкі час хаваўся на тэрыторыі Беларусі.