Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Анатоль Лябедзька: «Праблемы ў асяродку Лукашэнкі ўсё цяжэй утойваць» 15:38, 11/09/2007
«Адстаўка Канаплёва, як факт, які адбыўся, можа быць усталяваная пасля 2 кастрычніка, калі пачнецца сесія «палаты прадстаўнікоў». Калі б у нас быў парламент, а не «палатка», то інтрыга самой адстаўкі наўрад ці ўзнікла. Раз Канаплёў зацвярджаўся на сесіі «палаты прадстаўнікоў», то яго адстаўка можа стаць вынікам прэтэнзій з боку дэпутацкага корпуса. Але ў нас кіраўніка так званага парламента абіраюць не дэпутаты, а прызначае правіцель. Таму адказ на пытанне, чаму адстаўка цяпер, трэба звязваць з барацьбой кланаў у асяродку Лукашэнкі», – заявіў у інтэрв`ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, у мінулым віцэ-прэм`ер беларускага ўрада, каментуючы адстаўку спікера «палаты прадстаўнікоў» Уладзіміра Канаплёва.
На думку Лябедзькі, «тое, што хмары згусцелі над Канаплёвым і даволі даўно, гэта сакрэт Палішынеля».
«Ён за гэтыя гады вельмі шчыльна ўвайшоў у сферу ўзаемінаў з розным бізнэсам. Ён зарабляў грошы, і ў апошнія месяцы вакол Канаплёва расстаўляліся чырвоныя сцяжкі. Цэлы шэраг людзей з сферы бізнэсу, звязаных з ім, патрапілі за краты. Зразумела, што на сустрэчах з следчымі яны маглі распавесці вельмі шмат. «Капалі» у апошні час і пад аднаго з сыноў Канаплёва. Спецыяльная следчая група выязджала нават у Кітай, дзе яго сын узначальвае прадстаўніцтва «Белнафтахіма». Так што думаю, Лукашэнка выслухаў даклад і прыняў рашэнне. Выснова – сітуацыя ўсё больш няўстойлівая, і праблемы ў асяродку Лукашэнкі становяцца такімі, што іх усё цяжэй утойваць ад грамадскасці. Будзем лічыць, што Канаплёў гэтым і адкараскаецца – адстаўкай. Бо можа быць і горшае – турэмнае зняволенне», – лічыць Анатоль Лябедзька.