Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Працоўныя ПА "Беларуськалій" у Салігорску каардынуюць дзеянні ў абарону сваіх сацыяльна-эканамічных інтарэсаў. Як паведаміў БелаПАН прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) у Менскай вобласці Леанід Мархотка, гэта выкліканае намерам урада "пазбавіць гарнякоў шэрагу сацыяльна-эканамічных заваёў 1991-1993 гадоў".
Паводле яго слоў, працоўныя не згодныя з намерамі спыніць выплаты пенсій за шкодныя ўмовы працы, калі гарняк працягвае сваю дзейнасць у аб`яднанні пасля адпрацоўкі пэўнай колькасці гадоў; спыніць або значна паменшыць выплату дапамогі па выхадзе на пенсію па ўзросце; скараціць водпуск падземным працоўным з 56 да 40 дзён; вылучаць грошы на аздараўленне падчас водпуску толькі пры ўмове набыцця працаўнікамі пуцёвак у санаторыі або прафілакторыі. Акрамя таго, на думку Л.Мархоткі, на шахцёраў уплываюць нявызначанасць і няўпэўненасць з боку кіраўніцтва аб`яднання ў станоўчым рашэнні і некаторых іншых праблем, адсутнасць пэўных адказаў на запыты ў адміністрацыю ПА "Беларуськалій".
Л.Мархотка паведаміў, што 9 верасня з 00.00 і да 24.00 фактычна праходзіў страйк шахцёраў па "італьянскім метадзе": працаўнікі шахты спусціліся пад зямлю, але да працы не прыступілі, матывуючы гэта парушэннем патрабаванняў тэхнікі бяспекі на працоўных месцах. Гэтая акцыя адбылася на ўсіх чатырох руднях "Беларуськалій", у ёй узялі ўдзел каля 80% усіх падземных працоўных.
Па словах прадстаўніка БХК, страйк, арганізаваны брыгадзірамі, насіў папераджальны характар. У выпадку калі ўрад будзе і далей настойваць на пазбаўленні шахцёраў сацыяльна-эканамічных льгот, яны маюць намер прыступіць да бестэрміновага страйку. У акцыях пратэсту гатовыя ўзяць удзел і працаўнікі з надземных дапаможных цэхаў.
Старшыня выканаўчага бюро Незалежнага прафсаюза гарнякоў (НПГ) Генадзь Раманюк паведаміў БелаПАН, што НПГ не мае прамога дачынення да акцыі 9 верасня, хоць шматлікія з яе ўдзельнікаў з`яўляюцца сябрамі прафцэнтру. Па яго словах, прадстаўнікі НПГ сустракаліся з кіраўніцтвам ПА "Беларуськалій" і абмяркоўвалі непажаданасць адмены ільгот, але "гутаркі засталіся гутаркамі".
Намеснік дырэктара ПА "Беларуськалій" па ідэалагічнай працы і кадрам Анатоль Махлай адмовіўся прызнаць факт страйку: "Страйк – гэта нявыхады на працу, а ў нас ніякага страйку не было".
Нагадаем, 27 чэрвеня 2007 года быў ухвалены ў першым чытанні праект закона "Аб прафесійным пенсійным страхаванні". Ён прадугледжвае непасрэдны ўдзел працадаўцаў у фармаванні мэтавых сродкаў для фінансавання датэрміновых пенсій шляхам выплаты мэтавых страхавых унёскаў за працаўнікоў, занятых у неспрыяльных умовах працы. Закон мяркуюць увесці ў сілу 1 студзеня 2008 года.