Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ці будуць гандляваць рэгістрацыяй? 10:40, 12/09/2007
Сур`ёзнай лібералізацыі могуць падвергнуцца палажэнні і нарматыўныя акты, якія абмяжоўваюць ў Менску правы іншагародніх беларусаў. З адменай прапіскі чакаецца і адмена кабальных збораў з прадпрыемстваў за запрашэнне на працу іншагародніх спецыялістаў, а таксама змякчэнне адміністрацыйнай адказнасці за пражыванне без рэгістрацыі.
Працаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў прызнаюцца, што не бачаць сэнсу ў жорсткім кантролі выконвання беларусамі пашпартнага рэжыму. Іншая справа замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія за доўгія гады набілі аскому службоўцам рознага рангу. За імі міліцыя мае намер сачыць гэтак жа зорка, як і цяпер.
Што тычыцца праблемы працаўладкавання ў сталіцы іншагародніх грамадзян краіны, то пакуль адназначнага меркавання на гэты конт у службоўцаў няма. Намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Анатоль ЛАНІН мяркуе, што праблем з прыёмам на працу ў сталічныя арганізацыі ў прыезджых беларусаў з выхадам Указу прэзідэнта «Аб удасканаленні сістэмы ўліку грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання» быць не павінна. Вядома, для таго каб атрымаць працу ў Менску, па-ранейшаму давядзецца атрымліваць дазвол Менгарвыканкама. Але, па словах Ланіна, гэта будзе тычыцца толькі тых арганізацый, у вядзенні якіх знаходзіцца жылы фонд (інтэрнаты).
«Ніякай платы (за прыём на працу іншагародніх) не будзе. Раз далі чалавеку запрашэнне на працу – значыць, далі! Ва ўсіх іншых выпадках, калі чалавек знаходзіць 20 метраў агульнай плошчы жылога памяшкання, ён самастойна вырашае, як і дзе зарэгістравацца і як знайсці працу ў Менску. Грамадзянін можа знайсці працу і без уліку норм жылой плошчы, зарэгістраваўшыся, напрыклад, на год. Яму варта проста пайсці да працадаўцы і скласці з ім тэрміновую дамову, адрабіць 11 месяцаў і 20 дзён і зноў прадоўжыць рэгістрацыю пры ўмове працягу ў сталіцы легальнай працоўнай дзейнасці», – сказаў Ланін.
Намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі лічыць, што ўвядзенне рэгістрацыі адзначыць смерць чорнага рынку гандлю сталічнай прапіскай: «Я не думаю, што гандаль прапіскай ператворыцца ў гандаль рэгістрацыяй. Прапіска прадавалася для таго, каб чалавек мог уладкавацца на працу. Цяпер, зарэгістраваўшыся па месцы знаходжання (а не жыхарства!), грамадзянін можа атрымаць працу».
«Ёсць попыт і прапанова. На прапіску попыт быў вышэйшы за прапанову. Але калі я здолею зарэгістравацца не ў 10 месцах, а ў 10 тысячах – ніякага попыту на рэгістрацыю не будзе. Бо зарэгістравацца можна ў Менску не толькі там, дзе ёсць неабходныя 20 метраў, але і там, дзе іх няма. Напрыклад, у вас ёсць цётка або дзядзька, і вам няма сэнсу плаціць грошы чалавеку, у якога ёсць лішнія метры, каб зарэгістравацца», – гаворыць намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Людміла ПАНФЁРАВА.
На жаль, нягледзячы на запэўненні дзяржаўных службоўцаў, чорны прапісны рынак сталіцы перажывае чарговы росквіт. Пачынаючы з ліпеня гэтага года штамп у пашпарце падаражэў больш як на 100 даляраў. Такім чынам, канчатковы кошт легалізавання іншагародняга ў беларускай сталіцы складае сёння блізу 500–600 даляраў у год. У Менскім раёне прапіска трохі таннейшая – 350-450 даляраў. Плюс усе накладныя выдаткі, якія па законе павінны класціся на ўладальніка жылплошчы, уключна падатковыя адлічэнні. Чорныя рэгістратары не адчуваюць паху тлену і прагназуюць чарговы пакупальніцкі попыт, які давядзецца акурат на вясну 2008 года.
Паводле інфармацыі «Ежедневника», цэны на платную рэгістрацыю ў будучым годзе падрастуць яшчэ на 50-70 даляраў. Той факт, што рэгістрацыя будзе карыстацца падвышаным попытам, ускосна пацвердзіў і Анатоль Ланін, які заўважыў, што, калі ў чалавека няма ў сталіцы сваякоў і магчымасці заслупаваць 20 квадратных метраў жылля бясплатна, рэгістрацыю давядзецца купляць.