Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Гісторыю Беларусі змогуць вучыць па-беларуску 10:49, 13/09/2007
Пасля звароту грамадскага аб`яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) у Адміністрацыю прэзідэнта навучэнцы старэйшых класаў рускамоўных агульнаадукацыйных школ атрымалі магчымасць вывучаць геаграфію і гісторыю Беларусі на беларускай мове. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Паводле яго слоў, інструкцыйна-метадычны ліст Міністэрства адукацыі ўстановам адукацыі аб выкладанні геаграфіі і гісторыі Беларусі ў агульнаадукацыйных школах на 2007/2008 навучальны год апублікавана на старонках "Настаўніцкай газеты" за 12 і 17 ліпеня 2007 года. У лістах, у прыватнасці, адзначаецца, што гэтыя прадметы ў рускамоўных школах могуць вывучацца на расейскай або беларускай мове з улікам пажаданняў навучэнцаў або іх законных прадстаўнікоў.
Такім чынам, як падкрэсліў Алег Трусаў, кожны грамадзянін Беларусі можа дамагчыся таго, каб яго дзеці і ў старэйшых класах працягвалі вывучаць геаграфію сваёй краіны і гісторыю свайго народа на беларускай мове. Ён нагадаў, што летась такімі дакументамі Мінадукацыі фактычна перавяло на расейскую мову выкладанне геаграфіі і гісторыі Беларусі ў старэйшых класах рускамоўных школ, пасля чаго тысячы грамадзян сталі звяртацца да ўлад, у тым ліку і ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай вярнуць беларускамоўнае выкладанне гэтых прадметаў.
Алег Трусаў перакананы, што беларусы сваю геаграфію і гісторыю павінны вывучаць толькі на роднай мове.