Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Уладзімер Навасяд: «Калі такія пэрсоны пакідаюць пасады, то варта чакаць нейкіх падзеяў у краіне» 12:09, 13/09/2007
Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі, старшыня “палаты прадстаўнікоў” РБ Уладзімер Канаплёў падаў у адстаўку. Сваё рашэньне сьпікер парлямэнту абгрунтаваў станам здароўя, які не дазваляе яму працягваць працу на займанай пасадзе. Аднак ані сябры Канаплёва, ані ягоныя апанэнты ня вераць у магчымасьць адстаўкі па ўласным жаданьні. Што сталася прычынай сыходу Ўладзімера Канаплёва з пасады старшыні “палаты прадстаўнікоў”?
Цягам апошніх 10 гадоў Уладзімер Канаплёў уваходзіў у кола папечнікаў беларускага кіраўніка, да якіх ягоны давер быў неабмежаваны. Канаплёў пачаў сваю палітычную кар’еру напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, стаўшы асыстэнтам Аляксандра Лукашэнка. Уладзімер Канаплёў, як і ягоны лідэр, паходзіць з Магілёўшчыны, і ўваходзіць у гэтак званы “магілёўскі клян”.
Ягоная адстаўка напярэдадні пачатку чарговай сэсіі “палаты прадстаўнікоў” выклікала мноства здагадак. Для былога дэпутата “палаты прадстаўнікоў” Уладзімера Парфяновіча адстаўка Канаплёва не была нечаканасьцю. Пра гэта былы чалец дэпутацкай фракцыі “Рэспубліка” даведаўся яшчэ тры тыдні таму.
“Я ведаў пра тое, што ёсьць такая заява. Неяк даўней я запытаўся ў Канаплёва, як ён бачыць сваё супрацоўніцтва з Лукашэнкам. Ён тады адказаў мне: Я ішоў зь ім з самага пачатку й пайду зь ім да канца. Відаць сёньня й настаў той канец”, -- кажа Парфяновіч у інтэрв’ю “Польскаму радыё”.
Былы дэпутат “палаты прадстаўнікоў” Уладзімер Навасяд ня верыць, што прычынай адстаўкі зьяўляюцца праблемы са здароўем, як ня верыць і ў тое, што звальняецца Канаплёў па ўласным жаданьні.
“Любая пэрсона, якая апошнія 10 гадоў знаходзіцца разам з прэзыдэнтам і займае вышыйшыя дзяржаўныя пасады – асоба вельмі ўплывовая. Гэта невыпадкова, што чалавек на такой пазыцыі падае ў адстаўку. Тым больш у нашай краіне падаць паперы на адстаўку аpriori немагчыма. Чалавеку павінны сказаць, што “ты павінен сысьці”, і толькі пасьля гэтага ён піша заяву аб адстаўцы, як юрыдычную падставу для выкананьня гэтага даручэньня. Чаму гэта здарылася зараз? Відавочна, што ў краіне адбываюцца нейкія зьявы, пра якія мы ня ведаем. Калі такія пэрсоны пакідаюць свае пасады, то гэта невыпадкова, а значыць варта чакаць нейкіх падзеяў у краіне”.
На думку Сяргея Скрабца, адстаўка Канаплёва зьвязаная зь ягонай бізнэс-дзейнасьцю.
“Ён быў вымушаны гэта зрабіць пад ціскам Лукашэнкі. У нас ва ўладзе людзі самі ад яе ніколі не адмаўляюцца, бо ім ёсьць што губляць. Такім чынам Лукашэнка выказаў Канаплёву свой недавер. Канаплёў займаецца бізнэсам і лічыцца адным з багацейшых людзей у Беларусі”, - кажа палітык.