Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ОНТ пакінуў беларусаў без футбола 10:23, 13/09/2007
Учора ўвечары нацыянальны тэлеканал ОНТ зрабіў "падарунак" беларускім аматарам футболу. Загадзя апавясціўшы праз СМІ пра прамую тэлетрансляцыю адборачнага матчу чэмпіянату Еўропы па футболе Беларусь–Славенія ў 20.45, ОНТ транслявала перадачу «Сканар». Афіцыйнае тлумачэнне паўзло непрыкметным радком унізе экрана: «Просім прабачэння, па тэхнічных прычынах трансляцыя футбольнага матчу затрымліваецца».
На саракавой хвіліне гульні, калі незабяспечаная чамусьці загадзя сувязь усё-ткі з`явілася, ОНТ, паказаўшы пяць астатніх хвілін першага тайма, сышло на рэкламную паўзу, паказваючы ў перапынку гульні загадзя пераплачаныя ролікі, замест таго, каб паказаць найбольш вострыя моманты з таго, што беларускія балельшчыкі так і не здолелі ўбачыць. Безумоўна, пераплачаная рэклама – рэклама і ёсць, але ці нельга было пракруціць яе ў хвіліны адсутнасці трансляцыі, глядач бы нічога не страціў, а рэкламадаўцы нават, наадварот, набылі б!
На жаль, трэба адзначыць, што такія праблемы на беларускіх тэлеканалах адбываюцца не ў першы раз. З гэтай нагоды на Інтэрнэт форумах нават узнікла жартоўнае міні-апытанне карыстальнікаў наконт якасці паказу спартовых тэлетрансляцый на ОНТ. Прапаноўвалася ацаніць працу тэлевізійнікаў па двухбальнай шкале: 2 – дрэнна; 1 – вельмі дрэнна; 0 – увогуле не паказалі. І калі трансляцыя гульні з Румыніяй атрымоўвала водгукі на 2 балы, то пасля ўчорашняй гульні колькасць, мякка кажучы, нядобразычлівых водгукаў павялічылася ў разы.
Дарэчы, матч у выніку скончыўся паразай беларускай зборнай 0:1. Пераможны гол славенскай зборнай быў забіты як раз падчас адсутнасці трансляцыі "па тэхнічных прычынах" на 3 хвіліне гульні.