Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лідэры палітычных партый заклікалі вызваліць Казуліна 10:12, 13/09/2007
Кіраўнікі аб`яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) падалі ў Генеральную пракуратуру звароты па справе Аляксандра Казуліна. Заяву накіравалі кожны ад свайго імя Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька і Анатоль Ляўковіч.
У сваіх зваротах палітыкі падтрымліваюць патрабаванні нагляднай скаргі, накіраванай у Генпракуратуру адвакатам А.Казуліна аб яго вызваленні. Пра гэта паведаміў БелаПАН былы адвакат А.Казуліна Ігар Рынкевіч. Такім чынам, кіраўнікі АДС адгукнуліся на заклік Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) падтрымаць палітыка.
ЦК БСДП (Грамада) у сваім закліку ад 9 верасня адзначае, што на разглядзе ў генпракурора Пятра Міклашэвіча знаходзіцца наглядная скарга адваката А.Казуліна. У ёй утрымліваецца пратэст на прынятыя па справе палітыка судовыя рашэнні і патрабаванне спыніць вытворчасць па крымінальнай справе за адсутнасцю складаў інкрымінаваных яму злачынстваў. Сацыял-дэмакраты, улічваючы, што скарга адваката практычна вычэрпвае ўнутраныя сродкі абскарджання, прадугледжаныя беларускім заканадаўствам, заклікалі дэмакратычную грамадскасць, усіх людзей добрай волі накіраваць у пракуратуру ліста з патрабаваннем вызвалення А.Казуліна.
Каментуючы грамадскую рэакцыю на крымінальны пераслед палітыка, І.Рынкевіч паведаміў, што на падставе закона "Аб зваротах грамадзян" людзі ўжо накіроўваюць у пракуратуру свае звароты. "Увесну 2006 года, калі быў арыштаваны кандыдат у прэзідэнты, у пракуратуру Беларусі прыйшло некалькі дзесяткаў тысяч зваротаў з патрабаваннем вызваліць А.Казуліна. І хоць палітык быў асуджаны, гэтыя лісты салідарнасці застаюцца вельмі важнымі дакументамі эпохі", – адзначыў Рынкевіч.
Былы адвакат таксама паведаміў, што "такія звароты тым больш неабходныя, бо сам А.Казулін публічна заявіў пра спыненне перапіскі з рэспубліканскай пракуратурай у асобе П.Міклашэвіча". "Такая пазіцыя палітыка была выкліканая тым, што яшчэ да свайго арышту ён неаднаразова падаваў звароты на імя генпракурора з нагоды парушэнняў законнасці, правоў чалавека ў краіне. У адказ жа з пракуратуры прыходзілі фармальныя адпіскі", – сказаў Рынкевіч.