Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЗША маюць намер вывесці з Ірака да снежня гэтага года 5,7 тысяч салдат. У сваім тэлезвароце да нацыі прэзідэнт ЗША Джордж Буш афіцыйна абвясціў, што ён згадзіўся з прапановай камандуючага шматнацыянальнымі сіламі ў Іраку генерала Дэвіда Пятрэуса, і вайскоўцы патрапяць дадому яшчэ да Каляд (да 25 снежня 2007). Аднак асноўным тэзісам прэзідэнта стала фраза: "Чым больш паспяховымі будуць нашы дзеянні ў Іраку, тым хутчэй амерыканскія войскі вернуцца дадому". Гэтую сентэнцыю Джордж Буш паўтарыў некалькі разоў цягам свайго выступу.
Па словах прэзідэнта, толькі паспяховыя дзеянні ў Іраку дазволяць Амерыцы вывесці свае войскі з рэгіёна. Пры гэтым Буш падкрэсліў, што "дапамога Іраку – гэта маральны і стратэгічны доўг ЗША". Амерыканскі лідэр адзначыў таксама, што і пасля заканчэння яго прэзідэнцтва, Іраку будзе неабходная дапамога. "Палітычны і эканамічны ўдзел ЗША ў развязанні іракскіх праблем будзе неабходны і пасля заканчэння маіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў", – сказаў ён.
У сваім выступе Джордж Буш адзначыў станоўчыя зрухі, якія адбыліся ў Іраку за мінулы год. У прыватнасці, ён падкрэсліў, што Бакуба, якая яшчэ нядаўна была апорай "Аль-Каіды" ў Іраку, цяпер цалкам вычышчаная ад тэрарыстаў, паведамляе "Інтэрфакс".
Дзеянні амерыканскіх вайскоўцаў прэзідэнт ацаніў як бліскучыя. "Лічачы з студзеня, нашы вайскоўцы сумесна з іракскімі сіламі бяспекі знішчалі альбо арыштоўвалі ў сярэднім па 1500 супернікаў у месяц", – адзначыў Буш. Разам з тым, паводле яго слоў, у Іраку яшчэ ёсць вялізнае поле для дзейнасці, у першую чаргу для таго, каб узмацніць нацыянальную палітыку краіны, зрабіць яе больш баяздольнай.
Прэзідэнт Буш таксама падкрэсліў, што "поспех свабоднага Ірака жыццёва важны для гарантавання бяспекі Злучаных Штатаў". "Рэалізацыя гэтай мэты складаная, але магчымая", – заявіў амерыканскі лідэр. "Усе мы, па-за залежнасці ад прыналежнасці да палітычных партый і ад пазіцыі па Іраку, павінны згадзіцца з тым, што Амерыка жыццёва зацікаўленая ў тым, каб прадухіліць хаос і даць надзею Блізкаму Усходу".
Тэлезварот не прынёс нечаканасцяў. Раней са спасылкай на прадстаўнікоў адміністрацыі ўжо паведамлялася, што прэзідэнт згодны з рэкамендацыямі камандуючага шматнацыянальнымі сіламі ў Іраку генерала Дэвіда Пятрэуса і амерыканскага амбасадара ў Багдадзе Райана Крокера і, як галоўнакамандуючы, будзе іх прытрымлівацца.
Мяркуецца таксама, што Буш будзе прытрымлівацца яшчэ адной прапанове Пятрэуса – вывесці з Ірака да сярэдзіны ліпеня 2008 года 30 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў.