|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
За Еўрапейскую Беларусь! 15:21, 14/09/2007
14 кастрычніка ў сталіцы Беларусі пройдзе Еўрапейскі Марш. Пра тое, як праходзіць падрыхтоўка да акцыі і перамоўны працэс з уладамі, прэс-цэнтру Хартыі’97 распавядаюць сябры аргкамітэта Еўрапейскага Марша Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч і Віктар Івашкевіч. Андрэй Саннікаў, экс-намеснік міністра замежных спраў Беларусі, міжнародны каардынатар Хартыі’97: – Падрыхтоўка да Еўрапейскага Марша выклікае вялікую цікавасць у грамадстве, бо акцыя была скіраваная, у першую чаргу, унутр Беларусі. Арганізатары і актыўныя ўдзельнікі лічаць, што для Беларусі надышоў час стратэгічнага выбару – еўрапейскай будучыні. Спробы цягам доўгіх гадоў падлашчвацца з Расеяй, спрабаваць вымольваць танныя энерганосьбіты, выбудоўваць схемы несумленных гандлёва-эканамічных стасункаў – усё гэта прывяло да таго, што беларуская эканоміка апынулася ў цяжкім стане. Адпаведна, ад такой сітуацыі будуць пакутаваць і ўжо пакутуюць людзі. Час нецывілізаваных эканамічных стасункаў, які пачаўся з распадам Савецкага Саюза, скончыўся. Сёння еўрапейскія дзяржавы альбо прымаюць правілы ўзаемадзеяння адно з адным, альбо аказваюцца за бортам міжнародных рынкаў. Таму вельмі важна прыняць сёння ўзважанае рашэнне аб развіцці еўрапейскага вектару і ў цэлым аб збліжэнні з Еўропай. Менавіта ў гэтай галіне ўлада і апазіцыя маглі бы знайсці магчымасць узаемадзеяння. Аднак мы бачым, што ўлада дэманструе падвойныя падыходы: з аднаго боку пасылае Еўропе сігналы аб жаданні супрацоўніцтва, а з другога – працягвае бессэнсоўныя рэпрэсіі супраць палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. У сувязі з Еўрапейскім Маршам дэмакратычныя сілы зноў прапанавалі ўладзе паспрабаваць дамовіцца аб правядзенні мірнай акцыі ў сталіцы Беларусі і нават узяць у ёй удзел. Былі гутаркі з службоўцамі, быў накіраваны ліст намесніку кіраўніка адміністрацыі Наталлі Пяткевіч. Але ніякай публічнай рэакцыі пакуль няма. У нефармальных кантактах прадстаўнікам дэмакратычных сілаў гавораць, што канцэпцыя дыялогу сапраўды магла б дапамагчы Беларусі. Будзем спадзявацца, што гэтыя нефармальныя сігналы атрымаюць нейкі фармальны працяг. Еўрапейскі Марш выклікае непадробную цікавасць у Еўропе як у кіраўніцтва Еўразвяза, так і ў грамадзянскай супольнасці еўрапейскіх дзяржаў. Увага да яго вялікая, і цікавасць да магчымасці з`яўлення нейкіх кропак судотыку паміж уладай і апазіцыяй таксама нарастае. Прадстаўнікі Еўразвяза чарговым разам падкрэслілі ў сваіх заявах, што галоўнай перашкодай станоўчаму развіццю падзей у Беларусі служыць працяг рэпрэсій супраць апазіцыі і іншадумцаў. Гэта значыць, сітуацыя гранічна зразумелая. Яе вырашэнне залежыць ад добрай волі палітыкаў унутры Беларусі. Мікола Статкевіч, каардынатар Еўрапейскай Кааліцыі, старшыня аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада): – Значная частка беларускага грамадства хоча інтэграцыі нашай краіны ў Еўрапейскі Звяз. Становішча Беларусі можна ахарактарызаваць наступным чынам. На захадзе Еўразвяз падышоў ушчыльную. На ўсходзе Расея, ажыўшая пад дажджом з нафтапрадуктаў, хоча паказаць усяму свету і сабе, што яна вялікая імперская нацыя і для гэтага ёй трэба абавязкова кагосьці перамагчы, далучыць. І наша краіна апынулася ў складанай сітуацыі. Лагічна было пагрукаць у дзверы Еўразвяза і папрасіць упусціць нас. Да ўлады і толькі цяпер дайшла ідэя расейска-еўрапейскага неканфліктнага балансу. Яшчэ 10 гадоў таму я казаў пра гэта, але тады была цалкам іншая сітуацыя. Тады Расея была больш заклапочаная сваімі ўнутранымі праблемамі, а цяпер балансу не атрымаецца. Трэба выбіраць: ці-ці. Бо ў Еўразвязе нам прапаноўваюць дапамогу і гэта нам неабходна. І ЕЗ наўзамен на дапамогу не патрабуе здаваць суверэнітэт, мову, культуру, не патрабуе адпраўляць нашых хлопцаў на вайну на Каўказе. У Еўрапейскім Звязе няма дамінуючай краіны, там рашэнні прымаюць разам, і маленькая краіна мае магчымасць быць пачутай і ўплываць на пазіцыю моцных. Там, наадварот, пашыраецца ўмацаванне нацыянальных культур, але і, вядома, што цікава большасці – высокія сацыяльныя стандарты, не гаворачы ўжо пра дэмакратыю. Таму выбар адназначны – нам трэба імкнуцца да інтэграцыі Беларусі ў Еўразвяз. А сябраваць з Расеяй мы зможам і, калі будзем сябрам Еўразвяза. Марш закліканы паказаць гэтае імкненне, паўплываць на ўладу, каб яна з большай смеласцю паварочвалася ў бок Еўропы, каб яна, нарэшце, вырашылася на дэмакратызацыю краіны, без якой наша эканоміка проста не вытрымае, калі расейскія датацыі паменшацца да крытычнай адзнакі. Улады сёння павінны акрэсліць выразныя сігналы, што яны гатовыя рухацца насустрач прапановам па дэмакратызацыі краіны. Для пачатку яны павінны спыніць пераследы апазіцыі. Прычым гэтыя пераследы чамусьці сканцэнтраваныя на праеўрапейскай частцы апазіцыі. Кіньце саджаць у турмы дзяцей! Бо гэтыя дзеці шчыра хочуць для нашай краіны толькі добрага. Стаўленне да Еўрапейскага Марша магло б стаць лакмусавай паперкай у праверцы шчырасці заяў улад наконт жадання супрацоўнічаць з Еўропай. Наступным крокам мог бы стаць дыялог з апазіцыяй. Віктар Івашкевіч, старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік старшыні Партыі БНФ: – Інфармацыйная кампанія па падрыхтоўцы Еўрапейскага Марша ідзе ўжо два месяцы. Усе дэмакратычныя сілы, а таксама вядомыя ў Беларусі культурныя і грамадскія дзеячы выказаліся ў падтрымку Марша і заявілі пра намер узяць у ім удзел. На мінулым тыдні быў накіраваны ліст намесніку кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч, які падпісалі прадстаўнікі аргкамітэта Еўрапейскага Марша Андрэй Саннікаў, Міхаіл Марыніч, Юры Хадыка, Станіслаў Багданкевіч і я. Мы звяртаемся з просьбай сустрэцца і абмеркаваць правядзенне акцыі, так, каб гэта было годна, па-еўрапейску, і каб ад гэтай акцыі атрымалі карысць усе: і дэмакратычныя сілы маглі б выказаць сваю пазіцыю, і ўлады маглі б прадэманстраваць, што яны становяцца на цывілізаваны шлях у стасунках з сваімі апанентамі ўнутры Беларусі, што паспрыяла б дыялогу ўлады і Еўразвяза. У наступную сераду пройдзе прэс-канферэнцыя з сябрамі перамоўнай групы. Тэма – магчымасці дыялогу ўлады і апазіцыі. У Беларусі сёння няма сілаў, якія б адкрыта выступалі супраць правядзення Еўрапейскага Марша і ідэі неабходнасці еўрапейскай інтэграцыі.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|