|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Знайсці, злавіць і абяшкодзіць 12:45, 17/09/2007, Уладзімір Халіп
Проста так, знянацку, цяпер не судзяць. Тым больш каго – шпіёнаў. Колькі гадкоў ужо з нябачнага фронту сенсацыйных звестак не было. Дзеля нечага ж выцягнулі з запыленай шафы старое савецкае пудзіла. Наўрад ці гэта толькі шэраговая пастаўка сюжэтаў саюзу правільных пісьменнікаў. Павінна быць і нейкая стратэгічная задума. Шпіёны… Гэтым разам – афіцэры невысокага рангу, якія ўжо сышлі ў запас. І што ж яны ў запасе тым учмурылі? Як высветлілася, нешта жудаснае. Замест таго, каб красці, як іншыя, камбінезоны вайсковых хімікаў ды прадаваць паціху рыбакам, яны, паводле звестак, замахнуліся на наш самы галоўны сакрэт. Інфармацыю пра нашу неадольную (разам жа з расійцамі!) паветраную абарону. У прыватнасці, пра зенітныя комплексы СС-300, ці як іх там? Аднак пільнае КДБ і ўсе тыя, хто сакрэты дзяржавы вартуе, у трывожны час не драмалі. Змоўшчыкаў выкрылі. Справу перадалі ў суд. Яшчэ у сямідзесятыя гады нават самы апошні прапаршчык ведаў, што красці вайсковыя сакрэты – бязмежнае глупства. Ніхто іх не купіць. Час не той. Шпіён ужо даўно не паўзе пад калючы дрот дзяржаўнай мяжы. Ён спакойна лётае сабе на касмічнай арбіце і носіць празаічнае імя – спадарожнік. І нікага Шцірліца з ім не параўнаць. Бо той, касмічны, здольны заўважыць нават дробную зорачку прапаршчыка, ужо не кажучы пра генеральскую. Шкода, якую краіне можа нанесці ў эпоху электроннай выведкі які-небудзь старамодны дзівак, цягне хіба на тое, каб пазбавіць яго прэстыжнага месца ў ранішняй чарзе па піва. Здабытыя ім звесткі пра колькасць танкаў і нават ракет не патрэбны нікому. Бо шпіён, імкнучыся за свой сумніўны тавар атрымаць як мага больш, можа і падмануць. А спадарожнік не схлусіць ніколі, бо ён не п’е. Нешта ў апошнія гады не надта шанцуе войску жалезнага Фелікса. Здавалася б, такую бліскучую аперацыю правялі ў Маскве. Злавілі, можна сказаць, за руку ангельскіх шпіёнаў. Доказаў было процьма. І галоўны – перадатчык. Звычайны нібыта камень, кінуты недзе ў парку. І да чаго ж дадумаліся брытанскія вычварэнцы! Каб зрабіць непрыкметны той камянёк сродкам касмічнай сувязі, над ім толькі варта было задаволіць малую патрэбу. Меркавалі, што калі хто і заўважыць брыдоту, непазбежна адвернецца і пройдзе міма. Ды толькі не пільны чэкіст. Паднялі той каменьчык. І нават прынеслі на тэлебачанне. Рогату было на ўвесь свет. Але ў мясцовых феліксаўцаў з гумарам не надта. І калі ў Маскве адбываецца нешта маштабнае, тут таксама чэкісцкая інерцыя перамагае. Таму і ў нас – шпіёны. Напрамак пагрозы самы небяспечны – Варшава. І не варта браць пад увагу гэткую дробязь, што, маўляў, іх вайскоўцам дастаткова звярнуцца ў штаб НАТА, каб атрымаць якую заўгодна інфармацыю. І ў паслугах сумніўных асоб яны даўно ўжо не маюць патрэбы. А ўвогуле, тут зусім не з Варшавай змаганне. Чарговы шпіёнскі працэс паводле даўніх савецкіх традыцый – гэта пасланне да сваіх. Адкрыты ліст электарату. Раз’ездзеліся надта. Жалезную заслону пачынаюць забываць. Па той бок нагледзяцца абы чаго і пачынаюць ужо тут патрабаваць свабод ды іншага глупства. А краіна амаль што на лініі фронту. Засланяе Маскву ад заходняй навалы. І тройчы трэба падумаць, ці варта імкнуцца ў тую ж Варшаву. А то і ў блоку цыгарэт бабулькі-контрабандысткі можа знайсціся раптам дзяржаўная таямніца. А ўжо там пра залішне актыўнага апазіцыянера і казаць няма чаго. Так што самі павінны разумець, які час на двары. А час вядома які. Семдзесят гадкоў прайшло з незабыўнага трыццаць сёмага. Таго самага, калі высветлілася дакладна, што не толькі ў гарадах, але і ў кожнай беларускай вёсачцы атабарыліся шпіёны. Пераважна польскія. Але і розных іншых – процьма. Адзін такі, не вытрымаўшы допытаў, напісаў чыстасардэчнае прызнанне, што ён агент ангельскай выведкі. І меў заданне ад яе пракапаць тунель аж да Бамбея. Спадзяваўся, небарака, што звернуць увагу на недарэчнасць асабістага прызнання. Увагу на гэта звярнулі. У самым пачатку дзевяностых, калі на кароткі час крыху адчыніліся архівы КДБ. Але таго, хто гэта напісаў, ужо не было. Закінуты тунэль рэпрэсій – рэч вельмі небяспечная. Яго лепш абмінуць, памятаючы пра магчымую пастку. Аднак мінулае не дазваляе. Усё здаецца, што ішлі ў дакладным накірунку. І недзе там, у глыбіні Бамбейскага тунеля, – рашэнне ўсіх праблем. Самы просты і кароткі шлях да ўсеагульнага шчасця. Узнікае неадольная спакуса загнаць туды ўсіх незадаволеных. Вось пасадзім яшчэ сотню, схопім тысячу-другую і – далей, далей!.. Вядома ж усім – святло ў канцы тунеля. Але аднойчы прыйдзе ўсведамленне, што той тунель зусім не паратунак, а звычайная чорная дзірка. Правал у гісторыі. Прастора антыматэрыі, у якой знікае ўсё тое, без чаго не можа існаваць прыстойная краіна. А найперш – яе добрае імя. hhhhh
|