Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Алесь Марачкін: «За права стаць сябрам Эўразьвязу мы павінны пазмагацца» 11:10, 18/09/2007
Вядомы беларускі мастак Алесь Марачкін мае намер пайсьці на Эўрапейскі марш і выступае за інтэграцыю Беларусі ў Эўразьвяз. “У суседніх краінах не ўзнікае пытаньняў, выступаць "за" ці "супраць" супрацоўніцтва з Эўразьвязам. Літва, Латвія, Польшча - ужо самі сталі сябрамі гэтай арганізацыі, а Ўкраіна ўжо вызначылася са сваім шляхам разьвіцьця. Мы ня можам быць у ізаляцыі ад Эўропы - гэта ня наш шлях, мы гістарычна ёсьць эўрапейская нацыя са сваімі мовай, культурай, традыцыямі. Уступленьне ў Эўразьвяз дамаможа нам захаваць нашую нацыянальную ідэнтычнасьць, ня стаць часткаю імпэрыі. Але за права стаць сябрам Эўразьвязу мы павінны яшчэ пазмагацца, проста так мы дэмакратычнай краінай ня станем”, -- кажа Марачкін.
“Я пайду на Эўрапейскі марш, бо на масавыя акцыі хаджу заўсёды, гэта марш за Незалежнасьць, эўрапейскую будучыню Беларусі, дэмакратыю, правы чалавека. Я пайду, бо спавядаю ідэі БНФ: адраджэньне беларускай мовы, культуры, захаваньня нацыянальнай спадчыны. Пайду, бо я супраць таго, каб Беларусь праглынула суседняя дзяржава. У нашай краіны зараз вельмі цяжкая сытуацыя, і, каб паскорыць шлях да нашых сымбаляў, да бел-чырвона-белага сьцягу і гербу “Пагоня”, нам трэба ісьці на Эўрапейскі марш”, -- упэўнены мастак.