Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Чыноўнікі і міліцыя наведалі Таварыства беларускай школы 13:57, 18/09/2007
Намеснік старшыні аддзела ідэалогіі Гродзенскага гарвыканкама Аляксандар Коўш разам з міліцыянтамі Сяргеем Казлоўскім і Іванам Краўцэвічам, а таксама аператарам ў цывільным наведаліся ў памяшканне грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай школы” з мэтай азнаямлення з выставай, якая тут экспануецца.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў і чыноўнік-ідэолаг меркавалі ўбачыць выставу, прысвечаную 10-годдзю гродзенскай філіі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Але ў памяшканні ТБШ яны ўбачылі толькі карціны з мастацкага плэнэра, прысвечанага абароне Гродна ад руйнавання, які ў свой час быў зарганізаваны гродзенскім рухам “За свабоду”, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Расчараваныя і разгубленыя міліцыянты доўга кансультаваліся па тэлефоне са сваім кіраўніцтвам, але ў выніку павінны былі пайсці без аніякіх кампраматаў. Праз паўгадзіны яны вярнуліся ва ўзмоцненым складзе, але дзверы арганізацыі былі зачынены і здадзены пад сігналізацыю.