|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Вядомыя грамадскія дзеячы Беларусі настойваюць на дыялогу 15:39, 19/09/2007
"Сустракаючыся з службоўцамі розных узроўняў, мы бачым, што яны станоўча ацэньваюць Еўрапейскі Марш, і гатовыя супрацоўнічаць і падтрымаць прапановы Еўрапейскага Звязу. Калі ўлады і дэмакратычныя сілы прыйдуць да кампрамісу, гэта дасць нам магчымасць пачаць дыялог, які вельмі неабходны грамадству. Людзі хочуць прадказальнасці, свабоды і ў эканоміцы, і ў палітычным жыцці. Мы спадзяемся, што зварот, адпраўлены аргкамітэтам Еўрапейскага Марша намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч, будзе ўспрыняты станоўча, Марш пройдзе мірна і прывядзе да дыялогу ў імя дэмакратызацыі нашай краіны", – заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар, былы міністр знешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч. Ацэньваючы сённяшнюю сітуацыю ў краіне, экс-кіраўнік Нацбанку Беларусі, прафесар Станіслаў Багданкевіч назваў стан беларускай эканомікі "блізкім да крытычнага". "Я ацэньваю эканамічную сітуацыю, як знаходжанне краіны на мяжы сур`ёзнага эканамічнага крызісу. Пакуль ён знешне не выяўляецца, але сутнасць яго ў тым, што ў нас увесь час расце дэфіцыт гандлёвага балансу. На сёння мы вывезлі тавараў на 2 мільярды даляраў менш, чым завезлі. Гэта значыць, мы жывем не за кошт заробленых грошай. І гэта пры тым, што мы яшчэ атрымліваем ад Расеі вялізныя субсідыі праз льготныя цэны на газ. МФВ падлічыў, што калі ўрад будзе як і раней стаяць на пазіцыі адмовы ад рэформ, дэфіцыт аплатнага балансу будзе складаць штогод 7-8% ВУП. Ён будзе пакрывацца знешнімі пазыкамі, і ўжо да 2011 года знешнія даўгі перавысяць 50% ВУП. Толькі на 1 ліпеня сумарны знешні доўг Беларусі склаў больш за 9 мільярдаў даляраў, і працягвае расці пагрозлівымі тэмпамі. У гэтых умовах нашы золатавалютныя рэзервы шмат у чым віртуальныя. Яны фармуюцца за кошт знешніх пазык. Але толькі станоўчае гандлёвае сальда і прамыя інвестыцыі ў эканоміку могуць быць здаровым рэзервам для росту. Сёння мы прапаноўваем уладзе супрацоўніцтва ў эканамічнай галіне. Яна нібыта не бачыць нарастаючых праблем, гэтай фінансавай "бомбы", на якой сядзіць", – заявіў прафесар Багданкевіч. У гэтай сітуацыі, на думку міжнароднага каардынатар Хартыі’97, экс-намесніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Саннікава, улады павінны прыняць прапановы Еўразвяза, бо яны сапраўды дапамогуць паляпшэнню эканамічнага стану краіны. "Я хацеў бы падкрэсліць, мы не толькі заўважаем, што прапагандысцка-ідэалагічная скіраванасць рэжыму змянілася ў падтрымку незалежнасці краіны. Мы вітаем гэта. Але заўважаем, што адбываецца з людзьмі, якія кіруюць прадпрыемствамі, дырэктарамі, мэнэджэрамі. Яны знаходзяцца ў вельмі цяжкім становішчы, і бачаць выхад у развіцці стасункаў з Еўропай, у прыняцці нармальных, сусветных стандартаў, па якіх працуе ўвесь свет, за выключэннем некаторых краін, у тым ліку, на жаль, Беларусі. Мы накіравалі ліст Наталлі Пяткевіч з прапановай аб сустрэчы, каб абмеркаваць сумеснае правядзенне Еўрапейскага Марша. Ліст быў адпраўлены тыдзень таму. Адказу, на жаль, мы пакуль не атрымалі. Таму робім гэты ліст набыткам грамадскасці. У прыёмнай Пяткевіч нам пацвердзілі атрыманне ліста", – адзначыў дыпламат. Намеснік старшыні Партыі БНФ, прафесар Юры Хадыка звярнуў адмысловую ўвагу на тое, што палітыку дыялогу з уладамі, сёння падтрымліваюць усе дэмакратычныя сілы краіны. "Ініцыятывы нашай групы падтрымліваюцца ўсімі без выключэння арганізацыямі, прадстаўленымі ў палітрадзе Аб`яднаных дэмакратычных сілаў. Мы бачым, што сённяшнія ўлады ўсё часцей запазычваюць і выкарыстоўваюць ідэі, думкі апазіцыі, якія яна выказвала і пяць і пятнаццаць гадоў таму. Напрыклад "За Беларусь!" – лозунг, які высунуў БНФ яшчэ ў 1991 годзе. Пры дыялогу з уладай мы не будзем імкнуцца пазбегнуць вострых вуглоў, але мы прызнаем пазітыўныя змены ў падыходзе да ўмацавання незалежнасці краіны. Будзем не толькі "бадацца" з уладай, але і размаўляць з ёй. Тое, што мы прапаноўваем, гэта выгоднае беларускаму народу, і выгоднае ўладзе", – заявіў Юры Хадыка. Пра тое, што дыялог выгодны ўладзе, распавёў і кіраўнік аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. “Я нядаўна размаўляў з адным уплывовым расейскім журналістам, які не любіць Лукашэнку. І ён крытыкаваў наш намер упэўніць улады ў неабходнасці дыялогу. Я пытаюся: а якія могуць быць яшчэ выхады з сітуацыі? Ён кажа: наменклатурны пераварот. Так, ёсць такі варыянт, але я хацеў бы заклікаць улады задумацца. У выніку дэмакратычных выбараў улады могуць набраць 30 або 40 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў, а можа і больш. І заняць сваё месца ў палітычным жыцці краіны. Але наменклатурны пераварот, арганізаваны расейскімі спецслужбамі, прывядзе да лятальнага зыходу! Таму ўлады павінны разумець, што пры дыялогу – жыццё ў развіцці, а пры перавароце – канец”. Міжнародны каардынатар Хартыі’97, экс-намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў неўзабаве адправіцца ў Брусэль, каб арганізаваць кампанію ў падтрымку Еўрапейскага Марша з боку еўрапейскіх структур. "Я маю намер правесці перамовы з афіцыйнымі асобамі Еўразвяза, якія адказваюць за палітыку ўзаемаадносінаў з Беларуссю. Думаю, што Еўрапейскі Марш – гэта яшчэ і адказ на зварот Еўразвяза да Беларусі. Як адзначыла камісарка ЕЗ Беніта Ферэра-Вальднер, 12 прапаноў Еўразвяза звернутыя і да ўрада, і да народа Беларусі. І як яна таксама зазначыла, беларускі ўрад пакуль ніякіх сур`ёзных крокаў не зрабіў. Таму Марш – гэта адказ беларускага народа. Ёсць шмат людзей, якія падтрымліваюць еўрапейскі кірунак развіцця Беларусі, ёсць шмат моладзі, якая хацела б жыць у еўрапейскай краіне", – заявіў Андрэй Саннікаў. Наконт сітуацыі з зваротам да намесніцы кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч Саннікаў адзначыў: "Ліст Наталлі Пяткевіч – гэта толькі адзін элемент нашай працы. Кожны з нас працуе па сваім кірунку. Мы сустракаемся з людзьмі і абмяркоўваем праблемы. Насамрэч сёння ёсць вялікая падтрымка з боку афіцыйных структур такога развіцця падзей. Канфрантацыя не прынесла карысці ні апазіцыі, ні ўладзе. І таму мы прапаноўваем дыялог, прапануем правесці Еўрапейскі Марш мірна. Я звяртаюся да прэсы: падтрымайце Еўрапейскі Марш, падтрымайце канцэпцыю дыялогу. Бо гэта нават не дыялог улады і апазіцыі. Гэта выхад з тупіку. Гэта магчымасць змяніць наша жыццё, змяніць лёс краіны". Паважаная Наталля Уладзіміраўна, На даручэнне аргкамітэта Еўрапейскага Марша, які адбудзецца ў Менску 14 кастрычніка 2007 года, звяртаемся да Вас з просьбай аб сустрэчы для абмеркавання пытанняў арганізацыі і правядзення гэтага мерапрыемства. Просім прызначыць сустрэчу ў любы зручны для Вас час. Ініцыятыва правядзення Еўрапейскага Марша ўзнікла як вынік імкнення апазіцыі дамагчыся збліжэння Беларусі з Еўропай і заяў дзяржаўных органаў аб зацікаўленасці ва ўзмацненні еўрапейскага вектару. Афіцыйная пазіцыя сёння дае надзею на тое, што ў нашай краіне з`яўляецца агульнае разуменне перспектыў развіцця Беларусі. У нас захоўваюцца рознагалоссі і розныя погляды на шматлікія фундаментальныя каштоўнасці, аднак гэтыя канфлікты поглядаў не абавязкова павінны весці да канфрантацыі ўнутры беларускага грамадства. Сёння з`явілася магчымасць перавесці супрацьстаянне ў плоскасць канструктыўнага ўзаемадзеяння, іншымі словамі – знайсці тыя кропкі супадзення, якія дапамогуць далейшаму развіццю нашай дзяржавы. Паміж уладай і апазіцыяй няма рознагалосся у тым, што тычыцца неабходнасці ўмацавання незалежнасці краіны. І улада, і апазіцыя шмат для гэтага зрабілі. Апазіцыя рабіла акцэнт на важнасць захавання незалежнасці Беларусі не толькі для беларускага народа, але і для падтрымкі еўрапейскіх каштоўнасцяў і для забеспячэння міжнароднага міру. Улада прыкладала вялікія намаганні для захавання рэальнай эканамічнай незалежнасці Беларусі. І апазіцыя, і ўлада сёння гавораць пра тое, што супрацоўніцтва з Еўропай адчыняе для Беларусі новыя магчымасці, у тым ліку для прадухілення эканамічных цяжкасцяў, звязаных з ростам цэнаў на энергарэсурсы. І улада, і апазіцыя згодныя ў тым, што новыя правілы стасункаў Еўразвяза з суседнімі дзяржавамі патрабуюць уліку інтарэсаў Рэспублікі Беларусь. Гэта тычыцца і кошту віз, і барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, і шматлікіх іншых практычных пытанняў узаемінаў з аб`яднанай Еўропай. Можна пералічваць і іншыя аспекты, па якіх погляды апазіцыі і ўлады сёння мала чым адрозніваюцца. Такое, без перабольшання, гістарычнае супадзенне нельга не прымячаць і заставацца безуважным, бо гаворка ідзе не пра інтарэсы ўлады і апазіцыі, а пра лёс беларускага народа. На думку па-праеўрапейску настроеных людзей, будучыня Беларусі звязаная з Еўразвязам, і чым хутчэй пойдзе рух у еўрапейскім кірунку, тым эфектыўней стануць намаганні ўлады па забеспячэнні дабрабыту народа. У жыцці і гісторыі кожнай нацыі і дзяржавы бываюць моманты, калі неабходна рабіць выбар: асабісты, дзяржаўны і гістарычны. Такі выбар патрабуе мужнасці і шчырасці і можа быць зроблены сёння. Ідэя дыялогу ў імя будучыні нашай дзяржавы – гэта стваральная ідэя, і яе падтрымку могуць забяспечыць людзі дальнабачныя і адказныя. Дагэтуль прамога адказу на прапанову дыялогу з боку ўлад не было. Практычным крокам па пачатку дыялогу можа стаць дамоўленасць аб сумесным і мірным правядзенні дэманстрацыі ў падтрымку еўрапейскіх каштоўнасцяў. Уявіце сабе, Наталля Уладзіміраўна, што ў цэнтры нашага цудоўнага горада 14 кастрычніка праходзіць спакойная і мірная дэманстрацыя ў падтрымку еўрапейскай будучыні Беларусі, што людзі з добрым настроем, не баючыся бессэнсоўных правакацый і дубінак, прыходзяць з сем`ямі, як еўрапейцы, у цэнтр еўрапейскага Менска, што арганізатары, не асцерагаючыся подласці і гвалту з боку людзей у форме, запрашаюць у Менск еўрапейскіх зорак, якія разам з беларускімі выканаўцамі арганізуюць ля Нацыянальнай бібліятэкі сапраўднае еўрапейскае свята… Менавіта гэта мы і хацелі б бачыць на Еўрапейскім Маршы. Мы разумеем, што сваім зваротам ставім Вас у складанае становішча, бо ў ніводнай краіне дзяржаўны службовец не можа прымаць рашэння без узгаднення. Аднак спадзяемся, што Вы ўбачыце ў нашай прапанове шанец для Беларусі, для ўсіх нас. Пры асабістай сустрэчы мы змаглі б больш падрабязна абмеркаваць закранутыя тут пытанні і планы правядзення Еўрапейскага Марша. Спадзяемся на станоўчы адказ, Івашкевіч Віктар Антонавіч Багданкевіч Станіслаў Антонавіч Марыніч Міхаіл Апанасавіч Саннікаў Андрэй Алегавіч Хадыка Юры Віктаравіч ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]()
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|