|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Ліст аргкамітэта Еўрапейскага Марша намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч 11:46, 19/09/2007
На даручэнне аргкамітэта Еўрапейскага Марша, які адбудзецца ў Менску 14 кастрычніка 2007 года, звяртаемся да Вас з просьбай аб сустрэчы для абмеркавання пытанняў арганізацыі і правядзення гэтага мерапрыемства. Просім прызначыць сустрэчу ў любы зручны для Вас час. Ініцыятыва правядзення Еўрапейскага Марша ўзнікла як вынік імкнення апазіцыі дамагчыся збліжэння Беларусі з Еўропай і заяў дзяржаўных органаў аб зацікаўленасці ва ўзмацненні еўрапейскага вектару. Афіцыйная пазіцыя сёння дае надзею на тое, што ў нашай краіне з`яўляецца агульнае разуменне перспектыў развіцця Беларусі. У нас захоўваюцца рознагалоссі і розныя погляды на шматлікія фундаментальныя каштоўнасці, аднак гэтыя канфлікты поглядаў не абавязкова павінны весці да канфрантацыі ўнутры беларускага грамадства. Сёння з`явілася магчымасць перавесці супрацьстаянне ў плоскасць канструктыўнага ўзаемадзеяння, іншымі словамі – знайсці тыя кропкі супадзення, якія дапамогуць далейшаму развіццю нашай дзяржавы. Паміж уладай і апазіцыяй няма рознагалосся у тым, што тычыцца неабходнасці ўмацавання незалежнасці краіны. І улада, і апазіцыя шмат для гэтага зрабілі. Апазіцыя рабіла акцэнт на важнасць захавання незалежнасці Беларусі не толькі для беларускага народа, але і для падтрымкі еўрапейскіх каштоўнасцяў і для забеспячэння міжнароднага міру. Улада прыкладала вялікія намаганні для захавання рэальнай эканамічнай незалежнасці Беларусі. І апазіцыя, і ўлада сёння гавораць пра тое, што супрацоўніцтва з Еўропай адчыняе для Беларусі новыя магчымасці, у тым ліку для прадухілення эканамічных цяжкасцяў, звязаных з ростам цэнаў на энергарэсурсы. І улада, і апазіцыя згодныя ў тым, што новыя правілы стасункаў Еўразвяза з суседнімі дзяржавамі патрабуюць уліку інтарэсаў Рэспублікі Беларусь. Гэта тычыцца і кошту віз, і барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, і шматлікіх іншых практычных пытанняў узаемінаў з аб`яднанай Еўропай. Можна пералічваць і іншыя аспекты, па якіх погляды апазіцыі і ўлады сёння мала чым адрозніваюцца. Такое, без перабольшання, гістарычнае супадзенне нельга не прымячаць і заставацца безуважным, бо гаворка ідзе не пра інтарэсы ўлады і апазіцыі, а пра лёс беларускага народа. На думку па-праеўрапейску настроеных людзей, будучыня Беларусі звязаная з Еўразвязам, і чым хутчэй пойдзе рух у еўрапейскім кірунку, тым эфектыўней стануць намаганні ўлады па забеспячэнні дабрабыту народа. У жыцці і гісторыі кожнай нацыі і дзяржавы бываюць моманты, калі неабходна рабіць выбар: асабісты, дзяржаўны і гістарычны. Такі выбар патрабуе мужнасці і шчырасці і можа быць зроблены сёння. Ідэя дыялогу ў імя будучыні нашай дзяржавы – гэта стваральная ідэя, і яе падтрымку могуць забяспечыць людзі дальнабачныя і адказныя. Дагэтуль прамога адказу на прапанову дыялогу з боку ўлад не было. Практычным крокам па пачатку дыялогу можа стаць дамоўленасць аб сумесным і мірным правядзенні дэманстрацыі ў падтрымку еўрапейскіх каштоўнасцяў. Уявіце сабе, Наталля Уладзіміраўна, што ў цэнтры нашага цудоўнага горада 14 кастрычніка праходзіць спакойная і мірная дэманстрацыя ў падтрымку еўрапейскай будучыні Беларусі, што людзі з добрым настроем, не баючыся бессэнсоўных правакацый і дубінак, прыходзяць з сем`ямі, як еўрапейцы, у цэнтр еўрапейскага Менска, што арганізатары, не асцерагаючыся подласці і гвалту з боку людзей у форме, запрашаюць у Менск еўрапейскіх зорак, якія разам з беларускімі выканаўцамі арганізуюць ля Нацыянальнай бібліятэкі сапраўднае еўрапейскае свята… Менавіта гэта мы і хацелі б бачыць на Еўрапейскім Маршы. Мы разумеем, што сваім зваротам ставім Вас у складанае становішча, бо ў ніводнай краіне дзяржаўны службовец не можа прымаць рашэння без узгаднення. Аднак спадзяемся, што Вы ўбачыце ў нашай прапанове шанец для Беларусі, для ўсіх нас. Пры асабістай сустрэчы мы змаглі б больш падрабязна абмеркаваць закранутыя тут пытанні і планы правядзення Еўрапейскага Марша. Спадзяемся на станоўчы адказ, Івашкевіч Віктар Антонавіч Багданкевіч Станіслаў Антонавіч Марыніч Міхаіл Апанасавіч Саннікаў Андрэй Алегавіч Хадыка Юры Віктаравіч
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|