Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Еўракамісар: Кошт шэнгенскіх віз для беларусаў можа быць паніжаны 13:53, 19/09/2007
Калі Беларусь далучыцца да Еўрапейскай палітыкі добрасуседства, кошт шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян можа быць паніжаны. Пра гэта заявіла камісарка Еўразвяза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Брусэлі.
Яна адзначыла, што рашэнне аб кошце шэнгенскіх віз прымалася ўсімі краінамі-сябрамі ЕЗ. "Варта адзначыць, што паколькі менавіта ў кампетэнцыі дзяржаў-сябраў ЕЗ знаходзіцца пытанне аб кошце віз, калі рашэнне тычыцца трэціх краін, то яно павінна быць прынятае аднагалосна", – сказала еўракамісарка.
Па словах Б.Ферэра-Вальднер, кожная краіна ЕЗ мае права выдаваць візы на льготных умовах для асобных катэгорый грамадзян. Цана ў 60 еўра за шэнгенскую візу ўведзеная не толькі для Беларусі, але і для ўсіх краін, падкрэсліла яна. "Мы не ствараем спецыяльных абмежаванняў для грамадзян Беларусі. Адзінае абмежаванне – гэтае забарона на ўезд на тэрыторыю ЕЗ вышэйшых беларускіх службоўцаў, адказных за правядзенне несумленных выбараў і рэферэндумаў, вынікі якіх падрабляюцца", – заявіла еўракамісарка.
Па словах Б.Ферэра-Вальднер, яна выдатна разумее, што "цана ў 60 еўра для большасці беларусаў з`яўляецца вельмі вялікай". "Мы вельмі хацелі б дамагчыся, каб у ЕЗ і Беларусі былі такія ж роўныя стасункі, як з Украінай, Малдовай, Расеяй і іншымі краінамі – удзельніцамі Еўрапейскай палітыкі добрасуседства", – сказала камісарка ЕЗ.
У якасці прыкладу яна прывяла Украіну, якая "паўнавартасна ўдзельнічае ў гэтай палітыцы". "Украіна шмат робіць для таго, каб мы з свайго боку пайшлі ёй насустрач", – сказала Б.Ферэра-Вальднер. Паводле яе слоў, для грамадзян Украіны шэнгенская віза будзе каштаваць 35 еўра. "У нас падпісанае пагадненне аб спрошчаным візавым рэжыме, але адначасова з ім мы падпісалі і пагадненне аб рэадмісіі. Мы спадзяемся, што яно будзе ратыфікаванае да канца гэтага года або на пачатку наступнага", – адзначыла еўракамісарка.