Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі МЗС пакрыўдзіўся на камісара Еўразвяза 15:16, 20/09/2007
Некаторыя нядаўнія выказванні ў дачыненні Беларусі камісара Еўразвяза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніты Ферэра-Вальднер "не спрыяюць паляпшэнню атмасферы нашых стасункаў і ідуць насуперак намаганням па развіцці дыялогу Беларусі з ЕЗ", лічыць прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў. Пра гэтым ён заявіў, каментуючы БелаПАН выказванні еўракамісара падчас сустрэч з беларускімі журналістамі 18 верасня ў Брусэлі.
"Беларусь неаднаразова заяўляла і на практыцы дэманструе сваю прыхільнасць наладжванню канструктыўнага ўзаемадзеяння з Еўрапейскім Звязам у розных галінах", – адзначыў прэс-сакратар МЗС.
Як раней паведамлялі "Белорусские новости", Б.Ферара-Вальднер падчас сустрэчы з журналістамі нагадала, што ўсе прапановы ЕЗ выкладзеныя ў дакуменце "Што Еўрапейскі Звяз можа даць народу Беларусі". Аднак, паводле яе слоў, "за час, які мінуў з моманту прадстаўлення дакумента, мы не ўбачылі ніякай рэакцыі ў адказ з боку беларускіх улад на нашы прапановы". "Адчуваецца адсутнасць палітычнай волі для наладжвання супрацоўніцтва", – сказала еўрапейская службоўца. Яна адзначыла, што цяпер усе перамовы і кантакты паміж ЕЗ і Беларуссю застаюцца "на тэхнічным узроўні".
"Мы гатовыя пачаць з Беларуссю паўнавартаснае супрацоўніцтва", – заявіла камісар Еўразвяза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства. Пры гэтым яна падкрэсліла, што найважнейшымі ўмовамі для пачатку такога супрацоўніцтва з`яўляюцца вызваленне палітвязняў, магчымасці для свабоднай працы СМІ, правядзенне свабодных і сумленных выбараў.