Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь удвая паменшыць імпарт расейскага газу 09:56, 20/09/2007
Кампанія з Люксембурга Polar Stars Group S.A. і беларускі навукова-даследчы інстытут ААТ «Белгорхимпром» склалі дзве інвестыцыйныя дамовы на рэалізацыю праектаў па перапрацоўцы бурых вуглёў і гаручых сланцаў. З беларускага боку дакументы падпісаў генеральны дырэктар ААТ Анатоль Смычнік, з боку інвестара – кіраўнік кампаніі Polar Stars Group S.A Мікалай фон Келер. Падпісанню дамоў папярэднічала сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком люксембургскай кампаніі – рашэнні па праектах з замежнымі інвестыцыямі прымае асабіста прэзідэнт.
Лукашэнка паведаміў госцю, што праекты перапрацоўкі бурых вуглёў і гаручых сланцаў – «з сферы нацыянальнай бяспекі», а таму вельмі важныя. Мікалай фон Келер у дадатак да гэтых дзвюх прапанаваў кіраўніку дзяржавы шэраг іншых праектаў.
Паводле некаторых дадзеных, гаворка можа ісці пра будаўніцтва электрастанцыі і цэментавага завода. Прыкладны кошт усіх прапанаваных праектаў 2 млрд. даляраў. Мясцовыя СМІ сцвярджаюць, што для іх рэалізацыі будзе створанае сумеснае прадпрыемства, у якім 51% акцый будзе належаць беларускай дзяржаве. Нагадаем, што менавіта гэтае пытанне часцей за ўсё становіцца каменем перапоны ў перамовах афіцыйнага Менска і патэнцыйных інвестараў.
Паводле інфармацыі агенцтва БелТА, праекты па здабычы і перапрацоўцы бурага вуголля і гаручых сланцаў будуць рэалізаваныя цягам 5–7 гадоў. Запасы бурых вуглёў у Беларусі ацэньваюцца прыкладна ў 1,5 млрд. тон. Спецыялісты сцвярджаюць, што па паказчыках яны блізкія да вуголля паўднёваўральскага і дняпроўскага басейнаў, якія распрацоўваюцца для выкарыстання ў энергетыцы: іх можна спальваць для выпрацоўкі цеплавой і электрычнай энергіі, падвяргаць тэрмахімічнай апрацоўцы і атрымоўваць маторнае паліва.
Як стала вядома «Независимой газете», дамова з Polar Stars Group S.A не будзе адзінай у вуглездабыўнай галіне – жаданне ўдзельнічаць у распрацоўцы радовішчаў выявілі кампаніі з ПАР, якія маюць багаты досвед у рэалізацыі такіх праектаў. Пакуль жа ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку для азнаямлення з іх дзейнасцю неўзабаве адправіцца дэлегацыя беларускіх спецыялістаў.
Нагадаем, што на мінулым тыдні Лукашэнка ўхваліў новую рэдакцыю Канцэпцыі энергетычнай бяспекі. Перапісванне нядаўна прынятага дакумента спатрэбілася пасля таго, як Расея падвысіла цэны на энерганосьбіты для Беларусі. Навіной у канцэпцыі стала з`яўленне ў энергабалансе атамнай энергіі (АЭС Беларусь мае намер пабудаваць да 2017–2018 гадоў) і вуглёў. Доля гэтага энерганосьбіта не будзе істотнай у энергабалансе дзяржавы ў цэлым (да 2011-га менш за 1%), аднак важная для рашэння лакальных праблем. Сумарна энергазахавальныя мерапрыемствы павінны даць Беларусі магчымасць скараціць аб`ёмы спажывання газу, а такім чынам, і аб`ёмы закупаў у Расеі ўдвая. Адбудзецца гэта, па разліках мясцовых спецыялістаў, да 2020 года.