|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Вiктар Iвашкевiч: «Спадзяёмся, што ўлады зразумеюць сваю выгаду» 18:11, 20/09/2007 — Па-першае, зараз мы чакаем адказу ад намеснiка кiраўнiка Адмiнiстрацыi прэзiдэнта Наталлi Пяткевiч, якой даслалi лiст з просьбай сустрэцца i абмеркаваць правядзенне Еўрапейскага Маршу, — распавядае суразмоўца. — Каму, як не Пяткевiч ведаць, наколькi неабходны сёння для Беларусi стасункi з Еўропай. Лiст быў дасланы заказным пiсьмом, прадублiравалi яго яшчэ i факсам, таму дакладна ведаем, што пасланне дайшло да адрасата. Зараз лiст разглядаецца ў Адмiнiстрацыi. — У апошнi час узнiклi чуткi, што не ўсе кiраўнiкi палiтычных партый, сустаршынi Аб`яднаных дэмакратычных сiл у аднолькавай ступенi падтрымлiваюць акцыю... — Падтрымлiваюць усе, i нават 21 верасня ладзяць прэс-канферэнцыю, каб абвергнуць такiя чуткi. — Якая зараз iдзе арганiзацыйная праца? — Распаўсюджваем запрашэннi на акцыю i, па вялiкiм рахунку, да апошняга часу нiякiх рэпрэсiй з гэтай нагоды не было (за выключэннем аднаго выпадку). Таму мы ўсё ж такi спадзяёмся на кантакт з беларускiмi ўладамi, хоць, на маю думку, там ёсць прарасiйскiя сiлы, якiя хочуць сарваць дыялог Беларусi з Еўропай. Напрыклад, намеснiк мiнiстра замежных спраў Варанецкi едзе ў Брусель, дзе расказвае аб жаданнi нашай краiны да дыялогу, а ў гэты ж час дома праходзяць суды над маладзёжнымi актывiстамi. I такiм чынам увесь дыялог i ўся паездка проста нiвелiруюцца. Тым не менш наша задача — пераканаць улады, што для iх i для Беларусi лепш, каб абышлося без канфрантацыi. — У перададзенай у Мiнгарвыканкам заяўцы арганiзатары просяць дазволiць збор людзей на Кастрычнiцкай плошчы з тым, каб пасля рушыць да Нацыянальнай бiблiятэкi. Можа, ужо ёсць нейкi адказ? — Няма, але па законе адказ нам могуць даць нават за пяць дзён да мерапрыемства. Не пазней 9 кастрычнiка. — Думаеце, што дазволяць? — Спадзяёмся, што ўлады зразумеюць сваю выгаду i не атрымаецца так, як на Дзень волi, калi народ рассякалi на групы i ганялi па горадзе. Людзi ж усё роўна выйдуць на вулiцу. Дык прасцей дазволiць мерапрыемства, калi ўлада на самай справе разлiчвае на нейкi дыялог з Еўропай. Беларусь не можа самаiзалявацца, а значыць, мусiць прыслухоўвацца да еўрапейскiх прапаноў. I значыць, — размаўляць з апазiцыяй. Гэта безальтэрнатыўны шлях, i ўсё роўна менавiта па iм жыццё будзе валачы. Толькi можна ўсвядомлена iсцi, а можна ўпiрацца, але будуць цягнуць. У свой час нават Войцэх Ярузельскi, на чыiх руках была людская кроў, зразумеў, што патрэбна садзiцца за стол перамоў з “Салiдарнасцю”. I да старога пасля гэтага не вярталiся. Дык чаму нашы ўлады не зацiкаўлены ў тым, каб пайсцi на дыялог i з Еўропай, i з беларускай апазiцыяй? Вось у чым пытанне, якое мы будзем падымаць на Еўрапейскiм Маршы. — Чым гэтая акцыя будзе адрознiвацца ад iншых падобных мерапрыемстваў? — Еўрапейскi Марш ставiць перад сабой мэту падштурхнуць нашы ўлады да рэалiзацыi тых прапаноў, якiя зрабiў Еўрасаюз. Умовы, якiя персанальна абсалютна не кранаюць анiводнага чалавека ва ўладзе. Улада можа прыняць прапановы i гэта рэальна. Таму што гэтага хоча большасць беларускага насельнiцтва i наменклатура. I, натуральна, спадзяёмся, што акцыя 14 кастрычнiка будзе вельмi масавай. Прынамсi, такая ж, як i падчас апошнiх прэзiдэнцкiх выбараў. Мы праводзiм вельмi вялiкую iнфармацыйную работу. — Колькi, думаеце, чалавек выйдзе на Еўрапейскi Марш? — Маё меркаванне, што не менш за 30 тысяч. «Народная воля»
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|