Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Мілінкевіч запрасіў лідэраў Еўропы на Еўрапейскі Марш 11:15, 21/09/2007
Лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч накіраваў запрашэнне на Еўрапейскі Марш старшыні Еўрапейскай Камісіі, старшыні Еўрапейскага Парламента і кіраўнікам еўрапейскіх дзяржаваў. “Мы запрашаем нашых сяброў быць з намі ў дзень правядзення Еўрапейскага Маршу, прыехаць да нас 14 кастрычніка. Мы будзем удзячныя за праяву салідарнасці і падтрымку з Вашага боку. Большасьць беларусаў з надзеяй глядзіць на Еўропу, чакае нармалізацыі стасункаў з Еўразвязам”, - гаворыцца ў запрашэнні.
Лідэр руху “За Свабоду” адзначыў важнасць гэтай падзеі для беларусаў.
“Гэты марш арганізуюць дэмакратычныя сілы Беларусі з мэтай прадэманстраваць жаданне беларусаў жыць у еўрапейскай сям’і вольных народаў. Гэта будзе Марш дзеля будучай свабоднай і еўрапейскай Беларусі. Гэта будзе пачатак нашага шляху ў свабодную і аб`яднаную Еўропу.
Сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратычнымі свабодамі ў Беларусі застаецца вельмі напружанай. Ад пачатку года сотні людзей былі арыштаваныя, збітыя, правялі па некалькі тыдняў у турме за адстойванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Асаблівы ціск ўлады аказваюць на моладзь. Ёсць і надзвычай абуральныя выпадкі рэпрэсіяў: арышт актораў і гледачоў на спектаклі “Вольнага тэатру”, арышты падчас прэзэнтацыі кнігі, бардаўскага фэсту. Пры гэтым улады працягваюць заяўляць аб сваёй зацікаўленасці ў супрацоўніцтве з Еўрапейскім Звязам.
У гэтай сітуацыі нам вельмі важная цікавасць з боку сусветнай дэмакратычнай грамадскасці, краінаў Еўразвязу да падрыхтоўкі і правядзення Маршу. Дэмакратычныя сілы выступаюць за выключна мірны характар дэманстрацыі і прапануюць ўладам узаемадзеянне, нягледзячы на рост рэпрэсіяў і арышты нашых сяброў і калегаў, нягледзячы на павелічэнне колькасці палітзняволеных у Беларусі. Мы думаем пра будучыню Беларусі і звязваем яе з Еўропай”, - адзначаецца ў запрашэнні да еўрапейскіх лідэраў.