Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Першыя крокі павінны зрабіць улады Беларусі 09:50, 21/09/2007
"Мы лічым, што першыя крокі для наладжвання стасункаў павінна зрабіць Беларусь", – заявіў 20 верасня на сустрэчы з беларускімі журналістамі старэйшы дарадца Вярхоўнага камісара па знешняй палітыцы ЕЗ Піркка Тапіола. "Мэта нашай палітыкі – пабудаваць больш шчыльныя стасункі паміж Беларуссю і Еўразвязам", – сказаў ён. Пры гэтым еўрапейскі палітык падкрэсліў, што "для будучыні Еўропы Беларусь з`яўляецца вельмі важнай краінай".
П.Тапіола адзначыў, што ЕЗ зацікаўлены ў сумеснай працы з Беларуссю ў сферы энергетыкі, транспарту і іншых галінах. "Але мы не можам паўнавартасна працаваць, пакуль не ўбачым з боку Беларусі пэўных крокаў па дэмакратызацыі. І тут на першым месцы – вызваленне палітвязняў, свабода прэсы і сумленныя выбары", – заявіў ён. Па словах П.Тапіолы, у красавіку – траўні гэтага года ЕЗ "бачыў некалькі пазітыўных крокаў": "Некаторыя палітвязні былі адпушчаныя, праўда тэрмін іх зняволення і так падыходзіў да канца". Ён таксама назваў пазітыўным крокам згоду адкрыць у Менску прадстаўніцтва Еўракамісіі. Пры гэтым прадстаўнік Рады ЕЗ падкрэсліў: "Згода на адкрыццё прадстаўніцтва не азначае змяненне палітыкі Еўразвяза ў дачыненні Беларусі, але дае больш магчымасцяў працаваць разам і лепш зразумець адзін аднаго".
Піркка Тапіола заявіў, што палітыка ЕЗ не з`яўляецца палітыкай ізаляцыі Беларусі. Ён таксама аспрэчыў абвінавачванні беларускіх улад у тым, што ЕЗ, нібыта, падтрымлівае асобных прадстаўнікоў апазіцыі. "Мы не падтрымліваем пэўных людзей, але падтрымліваем ідэю дэмакратыі і права апазіцыі на існаванне", – заявіў П.Тапіола, паведамляе БелаПАН.