Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Фэст у Луцку: Беларусы маюць права на свабоду 18:06, 23/09/2007
Да пяці тысяч чалавек узялі ўдзел у рок-фэсце «Права быць свабодным», арганізаваным беларусамі 22 верасня ва ўкраінскім горадзе Луцку. Правядзенне фэсту суправаджалася вялікімі складанасцямі: аўтобусы з гасцямі фэсту з беларускага боку затрымлівалі пры выездзе з Беларусі амапаўцы, людзі змушаныя былі дабірацца да месца правядзення мерапрыемства аўтастопам ці на электрычках, мытнікі і памежнікі гадзінамі не прапускалі беларускіх музыкаў праз мяжу. Але фэст адбыўся і, на думку арганізатараў, дамогся сваёй мэты.
На фэсце выступілі дзевяць калектываў. Беларусь прадставілі як зоркі, так і маладзейшыя пакаленні рок-музыкаў: Krama, ULIS, Neuro Dubel, Indiga, У:N:, Tav. Mauzer, "Сьцяна", Znich. Выступіла на фэсце і кіеўскі гурт "Тiнь Сонця", які выканаў некалькі песень па-беларуску.
Фэст «Права быць свабодным» было вырашанае правесці ва Украіне, бо правядзенне такога мерапрыемства ў Беларусі сёння немагчымае, з прычыны ўдзелу ў ім забароненых беларускіх рок-гуртоў. Ва Украіне ж правесці фэст прасцей яшчэ і таму, што беларусам не патрэбная віза для ўезду ў краіну.
Арганізацыйныя намаганні па падрыхтоўцы канцэрту ўзялі на сябе беларускі музычны лэйбл BMAgroup, моладзевая ініцыятыва StudFarmat і "Еўрапейскае радыё для Беларусі". Арганізатары задаволеныя тым, як прайшло мерапрыемства.
«Усё, што мы задумвалі, усё атрымалася. Фэст быў успрыняты вельмі добра як беларусамі, так і ўкраінцамі. Людзі падыходзілі да арганізатараў фэсту, выказвалі словы падтрымкі. Сцэна, гук, асвятленне – усё было «на вышыні». Беларускія гурты былі задаволеныя. Адзінае, што знервавала – гэта вялікія праблемы на беларускай мяжы. Але, нягледзячы на ўсе перашкоды, якія ладзіла беларуская міліцыя, людзі дабіраліся на фэст самастойна, з прымежных беларускіх гарадоў прыехала вельмі шмат людзей. Мэты, якія мы ставілі, былі выкананыя цалкам. Мы хацелі прыцягнуць увагу да цяжкай палітычнай сітуацыі ў нашай краіне. Мерапрыемства падтрымалі ўкраінскія ўлады, яго актыўна асвятляла ўкраінская прэса і тэлебачанне. Намеснік мэра Валынскай вобласці Ігар Гузь, выступаючы з сцэны, выказаў падтрымку беларусам. Ён запэўніў, што ўкраінскі народ заўсёды будзе падтрымліваць перамены ў Беларусі», – паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з арганізатараў фэсту Аляксей Лукашэвіч.
Па словах Аляксея Лукашэвіча, атмасфера фэсту была такая, як марылі беларусы – свабодная: «Атмасфера была вельмі станоўчая, дружалюбная. З сцэны ўвесь час казалі пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, што Украіна і Беларусь разам. Было вельмі шмат беларускіх бел-чырвона-белых сцягоў. Лозунгі «Жыве Беларусь!» гучалі ўвесь час. Выступілі прадстаўнікі беларускай дыяспары ва Украіне і абвясцілі: «Вольная Украіна разам з Свабоднай Беларуссю!».
Арганізатары плануюць правесці фэст «Права быць свабодным» у наступным годзе. «Мы зразумелі, што гэты фэст людзям патрэбны!», – сказаў Аляксей Лукашэвіч.