Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Улада ў адказе за арышты напярэдадні Еўрапейскага Марша 14:43, 24/09/2007
Дэмакратычны актывіст, бацька дваіх дзяцей Леанід Навіцкі арыштаваны сёння судом Партызанскага раёна Менска на 10 сутак. Актывіста затрымалі 21 верасня па абвінавачванні ў арганізацыі Еўрапейскага Марша. Падчас затрымання ў яго канфіскавалі 100 сцягоў Еўразвяза і інфармацыйныя матэрыялы з еўрапейскай сімволікай. «Я выходзіў з уласнай кватэры, да мяне падышлі людзі ў цывільным, прадставіліся супрацоўнікамі КДБ, увайшлі ў кватэру нібыта з прычыны таго, што шукаюць «нелягалаў». Выклікалі ўчастковага, групу крыміналістаў, панятых. Копію пратаколу мне ніхто не даў», – распавёў Леанід Навіцкі ў залі суду.
Па словах Навіцкага, першапачаткова ў дачыненні яго быў складзены пратакол па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве). Аднак сёння ў судзе ўчастковы інспектар міліцыі Партызанскага РУУС, старэйшы лейтэнант Андрэй Добкін заявіў, што Леанід Навіцкі нібыта нецэнзурна лаяўся ва ўпраўленні міліцыі Партызанскага раёна, і таму ў дачыненні актывіста складзены пратакол па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).
«Узялі і склалі пратакол за «хуліганства», будзённа, па-простаму… Шкада міліцыянта, якога прымусілі гэта зрабіць – чалавек, здаецца, нядрэнны. Я б на такой працы доўга не пратрымаўся», – пракаментаваў Навіцкі дзеянні міліцыянтаў.
Улады пайшлі традыцыйным шляхам, арыштоўваючы патэнцыйна актыўных грамадзян напярэдадні масавых акцый, беспадстаўна вінавацячы іх у «хуліганстве». Так было ў 2006 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі, таксама адбывалася сёлета перад Днём Волі.
Суддзя Алена Ціценкова прызнала Навіцкага вінаватым і прысудзіла да 10 сутак арышту. Аднак, нагадаем, у дачыненні актывіста таксама складзены пратакол за арганізацыю Еўрапейскага Марша, таму не выключна, што над актывістам пройдзе яшчэ адзін суд.
14 кастрычніка ў Менску пройдзе Еўрапейскі Марш. Каб зрабіць прарыў на еўрапейскім кірунку і выратаваць беларускую эканоміку, апазіцыя настойліва прапаноўвае ўладзе правесці Еўрапейскі Марш сумесна. У сувязі з гэтым перамоўная група Еўрапейскага Марша накіравала адпаведны ліст намесніку кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч. Аднак улада, а менавіта намесніца кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, маўчыць і адначасова развязвае рэпрэсіі супраць па-праеўрапейску настроенай моладзі.
Такая пазіцыя можа прывесці не толькі да адмовы ў эканамічнай дапамозе, якую ўлады просяць у Еўропы, але да ўвядзення новых санкцый. І адказнымі за гэта будуць міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў і намесніца кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч.